Карпаты - жнiвень 2018. Дзень 8-12

 

    А наш шлях ляжаў на гару Унгуряська. На жаль, ісці прыйшлося па дарозе, па якой раз-пораз насіліся то пазадарожнікі, то квадрацыклы. Мне гэта, мабыць, ніколі не зразумець. Добра, што такія спадарожнікі былі з намі нядоўга, бо,  мінуўшы гару Унгуряська, мы неўзабаве сышлі з дарогі і павярнулі амаль што дакладна на поўдзень. Сышоўшы з гары Унгуряська, мы пачалі падымацца на безыменную вышыню з адзнакай 1604. Са сцяжыны у траву на ўзбочыне хуценька спаўзла змяя чорнай афарбоўкі. Галаву змяі ніхто не паспеў пабачыць, а афарбоўка была чорнай без усялякіх узораў. Заставалася толькі гадаць, хто гэта. Але на ўсялякі выпадак для адпачынку адышліся крыху далей, і больш уважліва, чым звычайна, аглядалі месца, на якое сядалі. Потым, ўжо вярнуўшыся дамоў, высветлілі, што гэта была гадзюка Нікольскага.

    Вечар ужо быў на парозе, і трэба было паклапаціцца аб месцы для стаянкі. Дагэтуль вельмі добрую службу ў пошуках крыніцы пітной вады служыла нам MAPS ME. Але тут яна абвясціла нам забастоўку. Па версіі MAPS ME далей да самой Кабылецкай Паляны не было ані дарог, ані крыніц. Прыйшлося ізноў даверыцца традыцыйнай тапаграцічнай карце на папяровым носьбіце (хаця, канешне ж, была і электронная версія гэтай карты на смартфоне). Трэба аддаць даніну моладзі: яны вельмі спрытна валодаюць  электроннымі гаджэтамі і выкарыстоўваюць іх магчымасці вельмі эфектыўна. З гэтай нагоды вельмі значная частка штурманскіх функцый была даручана Колю і Алесі, і яны яны бездакорна выконвалі іх.

    Мы доўга спускаліся з вышыні 1604 на поўдзень і, трэба сказаць, заплечнікі ўжо дужа моцна ціснулі на плечы, але спыніцца не было дзе. Наперадзе з’явілася нейкая пабудова з новенькім бляшаным чырвоным дахам. Першае ўражанне было, што гэта хутар ці чыё-небудзь лецішча.

Вось тут мы сустрэлі гадзюку Нікольскага

    Спускаліся да яго мы доўга, а калі праходзілі побач, вырашылі спытаць, ці можна разжыцца пітной вадой. Аказалася, што будынак па ўзору традыцыйных калыб пабудаваны як месца адпачынку для такіх, як мы, турыстаў.  Аб гэтым сведчыла шыльда, прышпіленая ля ўвахода. Але зазірнуўшы ў сярэдзіну, ні адзін турыст не пагадзіцца там спыніцца! Мясцовыя пастухі там нарабілі такога, што брыдка было нават глядзець. Таму мы пакінулі гэта месца, і прайшоўшы метраў пяцьсот, знайшлі прыдатную для намётаў пляцоўку ў лесе. Атрымалася так, што гэты гасцявы домік знаходзіўся ў Івана-Франкоўскай вобласці, а мы спыніліся ўжо ў Закарпацкай. Цікава атрымалася.

    Пітную ваду мы знайшлі ў лагчыне непадалёк ад калыбы. Там з  зямлі выцякала крынічка. Да таго ж побач з крынічкай расла рабіна з буйнымі спелымі ягадамі. Такіх буйных і прыгожых ягад рабін я ніколі не бачыў. А які смачны рабінавы кампот быў на вячэру!  

    Тое, што мы перайшлі мяжу Закрпацкай вобласці, адразу адбілася на нашым дабрабыце. Жадаючы аздобіць вячэру, Коля пабег пашукаць грыбоў. Хвілін сорак прабегаўшы па лесе, ён знайшоў толькі аднаго баравіка. Гэта вам не Івана-Франкоўская вобласць!

    Сённяшні дзень быў багаты на падзеі, ды і прайшлі мы немала. Каманда крыху прытамілася, але ўсе былі здаровыя і задаволеныя.

 

20.08.2018.

Дзень 8

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

стаянка на мяжы Івана-Франкоўскай і Закарпацкай абласцей – гара Плешка Ўнгурська (1391) – гара Курпень (1406) – гара Балцін (1330) – гара Старцы (1406) – гара Опріша (1480) – гара Плешка (1213) – паланіна Брынзін

Пройдзеная адлегласць

22,8 км

Набор вышыні +623 м

Скід вышыні -962 м

Працягласць хадавога дня

9 гадзін 30 хвілін

                 

Трэк восьмага дня па тапаграфічнай карце і па карце Google Earth

    Чым больш мы набліжаліся да Кабылецкай Паляны, тым камфортней адчувалі сябе нашыя спіны. Таму было простае тлумачэнне: прадуктаў мы неслі з сабою на 8 дзён. На астатнія 4 дні мы павінны былі набыць прадукты менавіта ў гэтым пасёлку. Але ў сувязі з тым, што з-за дажджу нам прыйшлося затрымацца, сёння мы не маглі туды дайсці. Ды голад не павінен быў напаткаць групу, таму што заўсёды ёсць нешта прыхаванае на чорны дзень (хто жыве без запасу, той згіне да часу!).

    Затрымлівацца не сталі, і а дзесятай гадзіне рушылі ў дарогу. Надвор’е было на зайздрасць! Ішлося з асалодай. Адзінае, крынічкі пітной вады трапляліся тут значна радзей, чымсьці ў Гарганах. Але мы ўлічвалі гэта, і заўсёды неслі з забою запас вады дастатковы для таго, каб не пакутаваць ад смагі. 

    Ніхто з нас раней гэту частку маршрута ( ад гары Траяська да Рахава праз Кабылецку Паляну) не хадзіў. Таму спачатку быў сумнеў, ці не прагадалі мы, не пайшоўшы на Чарнагорскі хрыбет? Але чым далей адыходзілі, тым болей упэўнівалісь у правільнасці свайго выбару. Мы пазбеглі натоўпаў, якія шпацыруюць па Чагнагорскім хрыбце, тых жа джыпаў і квадрацыклаў на Пэтрасе. Мы вандравалі ў адзіноце! Былі толькі мы і Карпаты! На ўсім шляху ад гары Унгуряська да Кабылецкай Паляны мы не сустрэлі ніводнага чалавека! Затое мелі магчымасць атрымліваць асалоду ад краявідаў, якія ні кроплі не саступаюць альпійскім!

Краявіды ніколькі не саступаюць альпійскім

     Прыкладна палова сённяшняга маршрута праходзіла па паланінах, астстняя – па лесе. Трава на паланінах была пажоўклая ад спякоты, лес таксама сухі і без пркметаў грыбоў.

    Мы рухалісь па хрыбце. Усе горы, што ляжалі на нашым шляху, акрамя гары Плешка, былі бязлесымі. Уздоўж хрыбта ідзе цудоўная дарога. У лесе яна раскатаная да глебы (але не разбітая!), на паланінах па большасці – гэта прыкатаная трава. З гор адкрываюцца захапляючыя краявіды.

Вяршыні ўсіх гор на нашым сённяшнім шляху былі бязлесымі.

    На працягу усяго гэтага адрэзка маршрута на тапаграфічнай карце адзначана шмат ручаёў, што збягаюць са схілаў. Але схілы, парослыя травой, па-першае, даволі крутыя, і лазіць па ім вельмі нязручна, асабліва з катламі. Па-другое, з нагоды сухога надвор’я ваду можна знайсці, толькі злезшы далёка ўніз. Але двойчы крынічкі пітной вады былі знойдзеныя непасрэдна на дарозе: пры выхадзе з лесу на паланіну гары Балцін  праз дарогу працякае ручаіна і на заходнім схіле гары Опріша дзве крынічкі запар. На выхадзе на паланіну гары Балцін мы спынілісь на абед. З тае ручаіны, што цячэ праз дарогу, вады здабыць было ведьмі напроста, і тое толькі з дапамогай прыстасавання імя Кулікова. Але мы здабылі і зварылі абед. Пакуль усе ляжалі ля сваіх заплечніках падчас пасляабедзеннага адпачынку, вынаходнік Кулікоў Мікалай нешта майстраваў сякеркай. Калі ж ён скончыў сваю працу, мы ўбачылі, што клапоціцца ён не толькі аб сабе, але і аб тых, хто будзе пакутаваць ад смагі пасля нас. Аб сваім знаходжанні тут Коля пакінуў помнік у выглядзе прыдарожнага струменьчыка чысцюткай пітной вады.

    Калі на сцэне ў першым акце вісіць ружжо, у другім яно абавязкова павінна стрэліць! Так і ў жыцці: няма ні выпадковых сустрэч, ні выпадковых паваротаў не на тую сцяжыну. Усё падпарадкавана нейкаму даўно напісанаму сцэнару! Вось чарговы прыклад. На падыходзе да паланіны Брынзін мы сустрэлі двух каней і жарабё, якія мірна пасвіліся. Пасля таго, як нашыя харчовыя запасы пацярпелі ад каня на паланіне Блоджыў, мы с насцярожаннасцю ставіліся да жывёлін гэтага віда. Коні былі не стрыножаныя, але за адным з іх цягнуўся даўгі жалезны ланцуг, які не быў ні да чаго прымацаваны. Відаць, гэта быў іх правадыр, і сілу меў ён немалую, калі здолеў парваць такі ланцуг. На іх прывітальныя пафыркванні мы не выказалі ніякай увагі і не прапанавалі ніякага пачастунка. Але яны, відаць, унюхалі водар сухароў з “Нарачанскага”, якія былі разасяроджаны па нашых заплечніках, таму што, як ім здавалася, непрыкметна, па-за дрэвамі, пайшлі следам за намі. Ішлі яны далекавата, падставы адганяць іх у нас нібыта і не было. Але ж нам на хуткім часе трэба было спыняцца на начоўку, і суседства намётаў з коньмі, якія цягаюць за сабой ланцуг, не вельмі натхняла.

Вось такі помнік пакінуў аб сабе вынаходнік Мікалай Кулікоў.

    Прайшоўшы з конскім эскортам кіламетр-паўтара, мы апынуліся на паланіне. Паланіна была не самая прыгожая з тых, што мы прайшлі за сённяшні дзень, але на мяжы з лесам на ёй стаяла навёхеныкая, светленькая, пад чырвоным бляшаным дахам калыба, на фасадзе якой не вельмі цвёрдай рукой наўскось было напісана “Коля Бразілія був тут”. Па ўсім было відаць, што Коля Бразілія хлопец буйны: пад навесам ля увахода ў калыбу валяліся паваленыя масіўныя сталы і лавы. Заглянулі ўсярэдзіну – Колі Бразіліі няма. Вырашылі спыніцца ў калыбе. Калыбу прыбралі, сталы і лавы пападнімалі і паставілі.

    Паўстала пытанне здабычы пітной вады. Зразумела, што калі пабудавалі такую калыбу, пітная вада абавязкова павінна быць, і да яе павінна весці сцежка. Абышлі ўсё бліжняе і дальняе наваколле, але прыкмет крынічкі нідзе не знайшлі. Карта паказвала, што на лясістым схіле за паланінай павінны былі пачынацца ручаіны, але там былі толькі сухія глыбокія канавы. І толькі хвілін праз пяцьдзесят глыбока ўнізе па крутым схіле знайшлоўся тоненькі ручай, з якога ўдалося здабыць ваду. Гэта вадзіца атрымалася самай каштоўнай за ўсю вандроўку!

    Трэба адзначыць, што ў гэту вандроўку мы не бралі з сабой аніякіх напоеў: ані кавы, ні гарбаты, ні кісялю – абсалютна нічога. Бо мы ж збіраліся вандраваць па летніх Карпатах. А ў Карпатах летам усё гэта пад нагамі, або над галавой на кожным кроку – толькі не лянуйся. Такім чынам, якія ж напоі нам давялося пакаштаваць? Зараз пералічым: кампот з чарніц, кампот з брусніц, кампот з ажын (!), кампот з рабін, кампот з яблыкаў, кампот з яблыкаў і груш, гарбату з галінак малін, гарбату з галінак і лістоў чарніц, гарбату з галінак ажын. Цукар дадавалі толькі ў кампот з рабін, таму што рабін не шкадавалі, і кампот атрымліваўся вельмі насычаны і рэзкі. Такім чынам, увесь час мы ўжывалі толькі вельмі смачныя і карысныя напоі ад самой матулі-прыроды, ніякай хіміі.

На паланіне Брынзін мы аблюбавалі калыбу

Калыба толькі што з-пад сякеры (конь не валяўся!)

    Дзень сёння выдаўся прыгожы, плённы. Прайшлі шмат. Вячэра таксама ўдалася. Кашу, якую мы павінны былі гатаваць заўтра на сняданак, яшчэ на паланіне Блоджыў зжэр конь. Але мы не журыліся з гэтай нагоды, бо ў нас заставаліся пакуначкі смачнага лідскага супа і ўволю сухароў, а да Кабылецкай Паляны заставалася не болей за 10 км.

    З такім спакойным настроем мы прычынілі дзверы, каб ніхто не патрапіў у калыбу незаўважаным, пазалазілі ў свае спальныя мяхі і разлегліся па дашчаным памосце. Праз кароткі час пасля таго, як патух апошні ліхтарык, пачулася, нібыта нейкі звярок скача па бляшаным даху. Потым былі нейкія шорахі ў кутку, потым стала адчувацца, што на дошках спіцца не так мякка, як на зямлі, і ўсе часта варочаліся з боку на бок. Ну, а потым, гадзіны ў дзве-тры ночы, падыйшлі да калыбы і пачалі фыркаць тыя самыя коні, што віселі на цвіку ў першым акце. Спачатку яны фыркалі, потым сталі грукаць у сцены і дзверы, грымець ланцугом, спрабавалі іржаць. Потым нешта з грукатам пачало падаць пад навесам перад уваходам у калыбу. Увесь час гучна тупалі капытамі… Стомленыя вандроўнікі ў паўдрымотным стане не меней за гадзіну трывалі, спадзеючысь, што коні сыдуць самі. Але сыходзіла ноч без сну, а коні  ад калыбы не адыходзілі. І калі ўжо ўсё цярпенне  было страчана, кіраўнік вылез са спальніка, і ў трусах, ударам нагі ў горных чаравіках адчыніўшы дзверы, з воклічам:

– Гэть! Конская морда! - выскачыў з калыбы. Конская морда такога не чакала.

    Яна рванулася наўцёкі, пацягнуўшы за сабой масіўны драўляны стол, але болей чым на паўметра зрушыць яго не здолела. Высветлілася, што ўначы яна заблыталася ланцугом за стол, і самастойна вызваліцца не магла. Давялося адчапляць заблытаны ланцуг, вызваляць жывёлу. Стала зразумела, што Коля Бразілія не меў ніякага дачынення да таго развалу, што панаваў навокал калыбы.

     Рэштка ночы прайшла спакойна.

 

21.08.2018.

Дзень 9

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

Паланіна Брынзін – адзнака 1001 – пасёлак Кабылецка Паляна – стаянка паўночна-усходней пасёлка Кабылецка Паляна

Пройдзеная адлегласць

11,1 км

Набор вышыні +682 м

Скід вышыні -1027 м

Працягласць хадавога дня

9 гадзін 30 хвілін

 

          

Трэкі дзевятага дня па тапаграфічнай карце і па карце Google Earth

    З-за таго, што ноч была варфаламееўскай, паспалі крыху даўжэй. А калі прачнуліся, Коля ўспомніў “конскую морду”, і ўсе пачалі па-конску ржаць, успамінаючы кіраўніка ў трусах і горных чаравіках, яго каронны ўдар нагой у дзверы і вокліч “Гэть! Конская Морда!” Ну што ж, чым бы дзіця ні цешылась...

    Калі ўжо склалі заплечнікі, Алеся адбеглася ў лес і прынесла звестку пра тое, што зусім побач з калыбай растуць неймаверныя ажыны. Канешне ж ажыны! Астатняе паспеем!

Дамінік і Валера адпачывалі на ўзлеску, чакалі астатніх.

Коля, з’еўшы навукова абгрунтаваную норму, збіраў ажыны ў капялюш.

    І калі прагучала каманда:

– У лямкі! – у Колі быў назбіраны поўны капялюш.

– Гэта на кампот на вячэру, - проста сказаў ён.

    Не ведаю, як астатнім, а мне, кіраўніку, стала няёмка за свой тугі, як барабан, жывот… 

Гэтых неймаверных ажын хапіла на кампот на вячэру і на сняданак.

Крыніца на падыходзе да Кабылецкай Паляны

    Па карце да Кабылецкай Паляны было не так ужо і далёка, але толькі ў непасрэднай блізкасці стала бачнай актыўная прысутнасць чалавека. На абед мы маглі прыгатаваць суп з таго пакуначка, што Коля вырваў з конскіх зубоў, але вырашылі ўжо дайсці да крамы, набыць прадуктаў на астатнія дні, а заадно і на абед.

    Кабылецкая паляна апынулася гарадскім пасёлкам з насельніцтвам каля трох тысяч чалавек, з царквой, некалькімі крамамі, барам Адчувалася, што такія як мы валацугі не часта завітваюць ў гэты край. З дапамогай мясцовых жыхароў дакладна выйшлі на гандлёвую кропку, дзе назапасілі прадуктаў на астатні кавалак маршрута, а заадно і паабедалі. Трэба адзначыць, што абедзенны час даўно прайшоў, таму дамашнія стравы, якія прапанавала гаспадыня крамы і якія вельмі адрознівалісь ад таго, што мы елі апошні дзевяць дзён, былі адзначаны, як вельмі смачныя. Асабліва усім спадабалася падліва “з сваіх грыбоў”! Каштаваў жа абед кожнаму з нас па 25 грывень (крышачку меней за даляр). Гаспадар крамы прапаноўваў нам смажаную ў кляры “сваю  рыбку”, але мы болей не маглі есці, таму з удзячнасцю адхілілі яго прапанову. Потым падумалі аб тым, што ў мясцовай рацэ не водзіцца ніякай рыбы, акрамя фарэлі, і “свая рыбка” можа быць толькі фарэллю. І мы адмаўляемся ад смажанай фарэлі ў кляры?! Ды гэта ж будзе міравая вячэра! Лявон адразу пайшоў да гаспадара, каб выправіць памылку, і, нібыта між іншым, запытаў, а што гэта за рыба?

– Свіжа скумбрыя. Тікі ўранцы разморозылы! – адказала гаспадыня.

    Так мы засталіся без фарэлі на вячэру!

Кабылецка Поляна – пасёлак з насельніцтвам каля трох тысяч чалавек

 

    Пакуль абедалі, абмеркавалі далейшыя планы. Вырашылі на пануючую над Кабылецкай Палянай гару Кабыла не ісці, таму што група была ўжо даволі стомленай, а дарогу праз горы ў Рахаў мы не ведалі. Магло атрымацца, што сцяжыны, намаляваныя на карце, даўно зараслі, як гэта атрымалася на самым пачатку нашае вандроўкі. А спазніцца на цягнік мы не маглі сабе дазволіць. З гэтай жа нагоды вырашылі спытаць у мясцовых бывалых мужыкоў, як нам правільна прайсці праз горы ў Рахаў. Мужыкі крыху паспрачаліся паміж сабой, абмяркоўваючы аптымальны маршрут, а потым самы дастойны з іх распавёў нам канчатковы варыянт.

Цяпер мы і тут пабывалі! Памятны здымак на цэнтральнай вуліцы Кабылецкай Паляны.

    Падзякаваўшы, мы пайшлі па падказаным нам маршруце, выйшлі за ваколіцу пасёлка ў лес і па сцяжыне палезлі ўгору. На хуткім часе сцяжына скончылась, пачаліся нейкія завалы з дрэваў і асыпкі. Палезлі вышэй, думаючы, што там сцяжына ўзнавіцца. Потым выслалі разведку без заплечніка, якая высветліла, што ніякай сцяжыны ніколі там не было. Прыйшлося ізноў звярнуцца да MAPS ME, якая схапілася за галаву і сказала:

– Што вы тут робіце?! Пакуль не сцямнела, вяртайцесь назад! Я вас правяду!

    Такім чынам, мы прамарнавалі ніяк не меней двух гадзін хадавога часу і безвынікова страцілі шмат сіл і энергіі. Аб гэтым можна было б вельмі пашкадаваць, калі б не было худа без дабра.

    А справа ў тым, што кіраўнік групы спадар Лявон два гады таму вадзіў групу ў вандроўку на Казбек, здзейсніўшы за тыдзень два паспяховых узыходжанні на гару: з расійскага і з грузінскага боку. Пры гэтым ён моцна перанапрог левае калена. Спачатку яно вельмі балела, праз год востры боль прайшоў, але калена страціла былую моц і пачало сгібацца толькі напалову.  Дактары казалі:

– Остэахандроз! А што вы хацелі ў Вашым узросце?

    Прапісвалі парафіны і інш., але нічога не дапамагала.

  А тут на спуску з важкім заплечнікам (прыкупілі ж харчоў!) па крутой асыпной сцяжынцы левая нага Лявона некантралявана паехала ўніз па схіле, і ён, трымаючы раўнавагу, апынуўся ў становішчы глыбокага выпада левай нагі ўперад. Пякучы боль у месцы мацавання чатырохгаловай мышць і імгненная думка: “Вось і прыйшлі! Адарваў чатырохгаловую!” – Дапамаглі ўзняцца. Баліць, але ісці можна. На хуткім часе боль знік, а на першым жа прывале высветлілась, што калена цяпер генцца на ўсю амплітуду!!! Куды падзеўся той славуты “остэахандроз”, на які дактары могуць спісаць усё?!

    Дзякуй вам, мужыкі, што паслалі нас, самі не ведаючы куды!!! Дзякуй вам, Карпаты!!! Каб не вы, хадзіць бы спадару Лявону на непаўнацэнным калене да скону веку і карміць дактароў за лячэнне міфічнага “остэахандрозу”.

    Патрэбную дарогу знайшлі там, дзе яна і азначана на карце. Картам усёж-такі трэба верыць. Карты кажуць праўду.

    Ад пасёлка адышліся кіламетры на два, калі пачало цямнець. Нягледзячы на тое, што ішлі па схіле, здолелі знайсці роўную пляцовачку пад намёты. Вось толькі па ваду прыйшлося бегчы кіламетры за паўтары ўніз. (Карта абяцала, што ўвесь час будзем ісці ўздоўж ручая, але ж мы яе выбачаем.) Затое вячэра – са свежым украінскім хлебам, бялейшым за наш батон!

    Стаміліся моцна. Па-першае, ідзем ужо дзевяць дзён, а па-другое, шмат сіл сёння пасля абеда паклалі на блытанне па схіле Кабылы, куды нас накіравалі мужыкі.

    Але ж цудоўнае вылячэнне!!!..

 

 

22.08.2018.

Дзень 10

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

стаянка паўночна-усходней пасёлка Кабылецка Паляна – урочышча Ялінка – рака Косівська – вышыня 1178 – стаянка паўднёва-заходней гары Магурыца (1264)

Пройдзеная адлегласць

17,7 км

Набор вышыні +1190 м

Скід вышыні -593м

Працягласць хадавога дня

9 гадзін 30 хвілін

Трэк дзесятага дня па тапаграфічнай карце

Трэк дзесятага дня па карце Google  Map

    Раніца выдалася прыгожая, цёплая. Збіраліся доўга. Хадавы дзень наўмысна скарачалі за кошт нявыкарыстанай днёўкі, каб даць магчымасць людзям крыху больш адпачыць. Таму што горы ёсць горы, і пастаянныя пад’ёмы і спускі патрабуюць шмат сіл, якія трэба ўзнаўляць.

    Сёння нам патрэбна было ўзняцца да ўрочышча Ялінка,  спусціцца ў даліну ракі Косіўська, ўзняцца на жрыбет за ракой і прайсці, колькі паспеем, па хрыбце ў бок гары Магурыца. Дайсці да ўрочышча Ялінка не было праблем: мы стаялі на дарозе, якая напрасткі вядзе туды. А вось далей трэба было арыентавацца па мясцовых умовах. У 12.05 мы былі на хрыбце ва ўрочышчы Ялінка. Далей, калі верыць карце, мы павінны былі павярнуць направа, а неўзабаве – улева, уніз да рэчкі Косіўська. Пасля кароткага адпачынку рушылі направа, але дарогі улева да рэчкі ўсё нейк не было і не было. Дарога ішла траверсам хрыбта амаль гарызантальна, з невялічкім ухілам уніз. Ісці па ёй было проста асалодай. І краявіды, і надвор’е былі проста цудоўныя. Так мы зайшлі даволі далёка, кіламетры на два далей, чым планавалася, а дарогі ўніз усё не было. Далей ісці не было сэнсу. Вярнуліся кіламетры на паўтары назад і збочылі на непрыкметную сцежку, якая вяла ў патрэбны нам бок. Сцежка спачатку папятляла па між кустоў, выскоквала на паланіну, а потым завяла у векавы лес і пачала губляцца. І чым далей мы спускалісь, тым больш крутым станавіўся схіл, тым больш слізкай лясная падсцілка з доўгай хваёвай ігліцы. Трэба было моцна кантаваць чаравікі і абапірацца трэкінгавымі палкамі, каб утрымацца на схіле. Здавалася, канца гэтаму схілу не будзе. Некалькі разоў на нашым шляху ўзнікалі абрывы, але іх удавалася абысці траверсам. На наша шчасце на схіле быў чысты лес амаль без завалаў і хмызняка. Хмызняк узнік толькі напрыканцы нашага спуска, як перадвеснік таго што мы выйшлі да ракі. Неўзабаве, пасля як мінімум гадзіны напружанага спуска па крутым слізкім схіле, мы апынуліся на дарозе, што ідзе па правым араграфічна беразе ракі Косіўська. Крыху адпачыўшы, рушылі па дарозе ўверх, супраць плыні рэчкі. Там праз чатыры-пяць кіламетраў знаходзіцца мост, па якому можна пераадолець рэчку. Па дарозе з пітной вадой не было аніякіх праблем: вельмі часта сустракаюцца ручаі, што сцякаюць са схіла хрыбта ў рэчку.

    Абедалі ля маста. Потым перайшлі рэчку і пайшлі па дарозе, якая перыядычна раздвойвалась. Кожны раз выбіралі тую, што болей супадала з патрэбным нам напрамкам. Уверсе на паланінах былі бачныя колькі хутароў.У нас было жаданне набыць на вячэру сыру, але дарога вывела на вяршыню хрыбта, а хутары апынуліся ніжэй. Адзін з іх, праўда, стаяў проста на нашай дарозе, але гаспадыня выглядала вельмі стомленай і была не вельмі ветлівай з намі.

    Выйшаўшы на вяршыню хрыбта, рухаліся па дарозе ў бок гары Магурыца. Надыходзіў вечар. За дзень ужо добра нахадзіліся, можна было б спыняцца, але не было пітной вады. Ацаніўшы абстаноўку, спыніліся на паланінцы, ніжэй якой па схіле хрыбта стаяў кінуты хутар. Хутар не мог існаваць без вады. І сапраўды, ля хутара імкнула магутная крыніца. Адзінае, да крыніцы па вышыні было каля сямідзесяці метраў, ды схіл быў крутаваты з някошанай травой. Ваду трэба было несці ў высока паднятых руках, каб не забрудзіць травой.

На закінутым хутары на схіле імкне самая моцная за ўсю вандроўку крыніца з пітной вадой 

    Вынікамі дня засталіся задаволеныя – паспяхова выйшлі на фінішную прамую маршрута вандроўкі. Адчувалася нарастаючая фізічная стомленасць, Было бачна,  што ў Валеры і Дамініка  моцна балелі ногі, але яны не скардзіліся і стараліся не падаваць выгляду.

 

23.08.2018.

Дзень 11

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

стаянка паўднёва-заходней гары Магурыца – гара Магурыца (1264) - гара Цярэнцін (1388) -  гара Доўжына (1380) – стаянка паўднёвей гары Доўжына

Пройдзеная адлегласць

7,9 км

Набор вышыні +380 м

Скід вышыні -392 м

Працягласць хадавога дня

3 гадзіны 10 хвілін

Трэк адзінаццатага дня на тапаграфічнай карце

Трэк адзінаццатага дня на карце Google Earth

 

Прыгатаванне сняданка для групы – гэта вельми адказна

    З месца нашай стаянкі добра праглядалася амаль ўсё наваколле. Асабліва добры агляд быў у бок гары Кабыла. Цудоўна праглядаліся паланіны і дарогі на яе ўсходнім схіле. Цікава было разглядаць, дзе мы ўчора прайшлі, якія варыянты былі яшчэ. Заднім чыслом мы заўсёды разумнейшыя. Разглядаючы жывую карту, здавалася, што хутчэй і лягчэй можна было прайсці вось так і так. Але ўжо потым, у Мінску, падчас аналіза на кампутары сцяжынак і дарог ў гэтай мясцовасці на карце Google Earth, прыйшло ўсведамленне, таго, што мы прайшлі ледзь не аптымальным маршрутам.

Група перад выхадам. На заднім плане пацягнутая смугой гара Кабыла           

    На перадапошні дзень вырашылі зрабіць паўднёўку і спыніцца ў такім месцы, каб потым заставалася толькі спусціцца ў Рахаў. На адпачынку пасля першага пераходу ўнізе, ў глыбокай лагчыне ўбачылі далёкія дахі Рахава. Падыходзячае для стаянкі месца знайшлі яшчэ праз адзін пераход. Побач бегла ручаіна, расла рабіна з цудоўнымі спелымі буйнымі ягадамі для кампота. Паставілі намёты, паабедалі. На абед, як заўсёды, прыгатавалі суп з супавых канцэнтратаў “Лідкон” (давер застаўся толькі да айчыных вытворцаў харчовых канцэнтратаў). На першым этапе нашай вандроўкі мы не шкадуючы аздаблялі ўсе супы, незалежна ад іх назвы і складу, адметнейшымі баравікамі. Такія супы знойдзеш не ў кожнай рэстарацыі. На шчасце, ў камандзе не было людзей, якім перад ужываннем баравікоў трэба было б іх двойчы кіпяціць і зліваць ваду. Таму мы елі баравікі ў іх натуральным выглядзе. На жаль, грыбы хутка скончыліся. І толькі аднойчы ў абед мы абйшліся без супа, таму што не было ўмоў для яго прыгатавання.  

    Пасля абеда крыху адпачылі і, пакінуўшы на гаспадарцы Валеру і Дамініка, утраіх схадзілі ў радыяльны выхад на горы Тэрэнтын і Довжына. З гэтых гор адкрываліся цудоўныя краявіды, а з Довжыны былі бачныя нават Пэтрос і Гавэрла.

    Гэты дзень быў адметны яшчэ і Дамінікавымі марамі ўслых аб тым, як ён будзе атрымліваць асалоду ад дабротаў цывілізацыі,  увасабленнем якой у яго вачах быў Рахаў. Яго мары ніхто не ламаў, маўляў, жыццё само гэта зробіць. З месца нашай стаянкі далёка ўнізе была бачна частка Рахава, а ўвечары, калі сцямнела,  ён зіхацеў так, як у галівудскіх фільмах зіхаціць Лас-Вегас, і гэта яшчэ болей распальвала фантазію Дамініка.

 

24.08.2018.

Дзень 12

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

стаянка паўднёвей гары Доўжына – чыгуначная станцыя Рахаў

10,7 км*1,2=12,84 км

~ 866 м

10 часов 05 минут

    Прачнуўшыся раніцой, мы не знайшлі Рахава.  Ён, як вожык з мультфільма, патануў у тумане. Туман доўга, амаль гадзін да адзінаццаці ахінаў сталіцу гуцулаў густой белай коўдрай. Акрамя Дамініка ніхто не спяшаўся. Наш цягнік апоўначы. Чым бавіць цэлы дзень у правінцыяльным гарадку, лепш лішнюю гадзіну прабыць у гарах. Шлях да гарадка быў яшчэ не блізкі. Мы былі вышэй за Рахаў на 823 метры, а гэта абяцала нам серпантын,  які можа падоўжыць нашу дарогу ўдвая адносна бачнай адлегласці і адносна таго, што малюе нам карта. Серпантын сапраўды быў неверагодны. Паабапал дарогі ішла актыўная гаспадарчая дзейнасць. Тут каманда мужыкоў, стаўшы ўступам, дружна махала косамі, там жанчыны і падлеткі згрэбалі сухое сена ў копны. Час ад часу праяжджалі грузавыя машыны часоў развітога сацыялізму. Назіраць за ўсім гэтым было вельмі цікава, але нельга сказаць, што дарога ад гэтага скарацілася.

         

 Трэкі дванаццатага дня вандроўкі на тапаграфічнай карце і на карце Google Earth

Сталіца гуцулаў горад Рахаў  закутаўся ў тоўстую белую коўдру тумана

На пвдыходзе да Рахава кіпіць гаспадарчая дзейнасць

    Спачатку пачалі пападацца хутары, якія непрыкметна перараслі ў вуліцы. І перш чым апынуцца на чыгуначным вакзале, мы не меней за гадзіну хадзілі па іх. Вуліцы Рахава хуценька ацвярэзілі Дамініка. Не, гэта пакуль яшчэ не Лас-Вегас! Тут нават камеры захоўвання на чыгуначным вакзале няма. Праўда, за сціплы кошт аб захоўванні вашых рэчаў можна дамовіцца з дзяжурным па вакзале, і ён не падвядзе.

    Першай справай было падсілкавацца. Таму што ў Кабылецкай Паляне ўсёж-такі крыху аблічыліся, і на сённяшнюю раніцу кашы не  хапіла. Абедалі ў кафэ “Веранда”, там жа спрабавалі даведацца, ці ёсць у Рахаве лазня. Дзяўчаты-афіцыянткі дружна адказалі, што лазня ёсць у Квасах і ў Быліне, а ў Рахаве - не, няма. У гатэлі Еўропа нам таксама адмовілі ў душы. Затое мы дамовілісь на дзве гадзіны ў прыватнай сауне за 350 грывень. Сауна была пратопленая і дагледжаная па вышэйшым разрадзе, і мы не толькі змылі пот і бруд дванаццаці дзён вандроўкі, а нібыта занова нарадзіліся.

Вось і скончылася актыўная фаза пахода. Мы прыйшлі ў Рахаў.

Гуцулы памятаюць свае карані. Надпіс на памятніку: “Знаймо – хто’смо”

    У цэнтры Рахава стаіць адзіны помнік, на якім па граніце напісана “Знаймо – хто’смо”. Першае слова зразумелае, а вось што значыць другое? Я запытаўся ў мясцовых хлапчукоў, што гулялі побач.

– Знаймо, хто мы е, - адказалі хлапчукі.

– А хто вы е?

– Мы - гуцулы! – з годнасцю адказалі яны.

    А з іх жа, гуцулаў, у савецкія часы вытручвалі нацыянальную самасвядомасць, высялялі, саджалі ў лагеры. Мой старэйшы сябар, майстар спорту СССР па спартыўным турызме, нарадзіўся ў адным з такіх лагераў. Таму яны вельмі цэняць і шануюць сваю незалежнасць.

    Наша вандроўка завяршалася як раз ў паказальны для ўкраінскага народа дзень – Дзень Незалежнасці, 24 жніўня. У гонар Дня Незалежнасці гаспадар саўны зрабіў нам зніжку і замест 350 грывень, на якія мы дамаўляліся, ўзяў толькі 300. І падчас усёй вандроўкі нам сустракалісь выключна толькі сціплыя, дабразычлівыя, працавітыя людзі. Мы вельмі ўдзячны ім за гасцінасць і жадаем міра на іх зямлі, жадаем самім вызначаць свій лёс і верым, што такі працавіты вольналюбівы народ годны шчаслівай будучыні.

    Вынікам нашага пахода стала тое, што чацвёра маладых людзей ўпершыню ўзняліся на вышыню каля дзвух кіламетраў не з дапамогай пад’ёмніка ці самалёта, а сваімі нагамі. Многа новага яны даведаліся аб сабе, аб тых, хто быў побач. Хтосьці адчуў мяжу сваіх магчымасцей, а хтосьці зразумеў, што здольны на большае. Мы пабачылі вельмі разнастайныя Карпаты ва ўсёй іх прыгажосці, і яшчэ доўгі час будзем прыгадваць гэтыя чароўныя малюнкі і тыя прыгоды, што здарыліся з намі падчас вандроўкі. Пры гэтым было пройдзена 161,9 кіламетраў, сумарны пад’ём у вышыню склаў 7145 метраў (дык гэта ж вышэй за пік Леніна!). Ёсць упэўненасць, што горы яшчэ не раз паклічуць іх у дарогу. І вельмі верагодна, што яны яшчэ вернуцца ў Карпаты.

 

Аўтар: Лявон Мацукевіч

 

<<<<<  Вярнуцца: День 3-7

<<<<< Вярнуцца ў пачатак