Карпаты - жнiвень 2018. Дзень 3-7

 

    У 18.35 пачалі спускацца з гары. Спуск быў не надта палогі, таму не спяшаліся, асабліва на курумніку, каб не спусціць адзін на аднаго камяні. Пад вечар лямкі заплечнікаў ломяць плечы, прытупляецца ўвага, ды і спрыт ужо не той. Цяжэй за ўсіх, ізноў жа, маладзейшаму. Ды мужнее маладосць у баях. Таму час ад часу спыняліся, каб пачакаць Дамініка. Адзначылі, што нам шанцуе з надвор’ем. Бо ў дождж лішайнік, які пакрывае камяні курумніка, становіцца слізкім, а там, дзе канчаецца курумнік, сцежка гліністая, і ў дождж таксама вельмі слізкая.

    Прыкладна праз гадзіну выйшлі на паланіну Блоджыў, дзе і планавалі заначаваць. Паланіна вялікая, але месца для ўсталявання намётаў не надта многа, бо гарызантальныя пляцоўкі амаль адсутнічаюць. Пакуль кіраўнік адшукваў месца для намётаў, астатнія чакалі. Хто прысеў на заплечнік, хто, прадчуваючы блізкі адпачынак, пачаў распакоўваць яго, вымаючы і выкладваючы пакеты на траву.

 

Спуск з гары Малы Гарган

    Тым часам конь, які пасвіўся непадалёк, зацікавіўся нашай групай і падыйшоў да яе. Алеся вельмі любіць жывёл, таму з дабразычлівымі  абдымкамі пайшла яму насустрач. Наіўная! Яна думала, што конь ідзе да яе, каб палашчыцца. Не, конь быў вульгарным прагматыкам. Наблізіўшысь да заплечнікаў, трапяткімі ноздрамі ён прааналізаваў водар, сыходзіўшы з зацікавіўшага яго пакета, і без усялякіх падлашчванняў нахабна ўхапіў пакунак аўсяных шматкоў, за ім – пакет найцудоўнейшага лідскага супа! Першым схамянуўся Мікалай. Ён самааддана кінуўся да каня і вырваў проста з яго зубоў каштоўны пакуначак супа. Аўсяныя шматкі разам з поліэтыленавым пакетам назаўсёды зніклі ў вантробах каня. На ўратаваным пакеце засталіся адбіткі конскіх зубоў і конская слюна, але змест пакета не пашкодзіўся. Таму што не кожнаму каню па зубах “Лідкон”!

    Гэты інцыдэнт прагназаваў, што ў Кабылецкую Паляну дзякуючы конскай мордзе мы прыйдзем галоднымі, бо на сняданак праз шэсць дзён у нас не будзе кашы.  Але журыцца з гэтай нагоды не сталі. Адагнаўшы каня як мага далей ад сваёй маёмасці, мы пайшлі асвойваць калыбу, якая стаіць на ўскрайку паланіны, бо вольных пляцовак, прыдатных для ўсталявання намётаў, не заставалася. Калыбу занялі сваечасова, таму што хвілін праз дваццаць з боку гары Бабін Погар сышлі два брэсцкіх хлапца, якія не пагрэбавалі б правесці ноч у калыбе. Ім не пашчасціла. А нам прыйшлося крыху прыбрацца і развесіць свае вандзэлкі пад столяй, таму што паўсюдна былі сляды разбуральнай дзейнасці грызуноў. Падчас прыборкі разжыліся соллю, бо кіраўнік наўмысна соль у вандроўку не браў з тае нагоды, што соль - белая смерць, якой і так з ліхвой хапае ў салёным сале, каўбасе і канцэнтратах супа. Тэма ўжывання солі перманентна ўзнікала і надалей. Але зараз больш надзённай была праблема дроў, бо паблізу калыбы ўсе дроўцы былі даўно спаленыя – вельмі ж прывабнае месца – калыба. Ва ўмовах вандроўкі гэта амаль што палац!

Калыба – вельмі прывабнае месца начлега для вандроўніка па Украинских Карпатах

    Крыху насцярожвалі і застаўлялі прадумваць розныя варыянты заўтрашняга маршрута зарніцы і водгукі грома з захада. Зразумела, што ў навальніцу на Даўбушанку і Вядзмежык лезці не след, таму што, па-першае, на голым хрыбце на вышыні паўтары тысячы метраў ты з’яўляешся найлепшай мішэнню для маланкі, а па-другое, на мокрым каменні, парослым лішайнікам, вельмі і вельмі траўманебяспечна. Атрымлівалась два врыянты: калі з раніцы не будзе навальніцы і дажджу – ідзем на Даўбушанку і Вядзмежык, будзе дождж – на перавал Сталы, гару Доўга і гару Плоська.

 

15.08.2018.

Дзень 3

Сонечна

Дождж

Дождж

паланіна Блоджыў – гара Бабін Пагар – адзнака 1258

Пройдзеная адлегласць

 3 км

Набор вышыні +146 м
Скід вышыні -258 м

Працягласць хадавога дня

2 гадзіны 10 хвілін


Трэк трэцяга дня на тапаграфічнай мапе

Трэк трэцяга дня на карце Google Earth.

    З раніцы паланіна была залітая сонечным святлом, але з боку Даўбушанкі грымела. Пакуль паснедалі і збіраліся, грымоты наблізіліся, і з захаду падыйшлі навальнічныя хмары. Апрануўшы заплечнікі. Рушылі з паланіны ў бок гары Бабін Погар. Па дарозе прайшлі дзве невялічкія паланіны, з якіх быў добра бачны небасхіл. Над Даўбушанкай грымела моцная кананада і неба было ў чорных хмарах, але самыя цёмныя хмары былі лявей адносна накірунка нашае хады. У нас свяціла сонейка і было адчуванне, што пранясе. Дайшлі да Бабінага Погара, звярнулі ўлева на поўдзень і пачалі спуск. Сонца схавалася, але адчування, што можа пайсці дождж, не было. Дайшоўшы да Т-падобнага перакрыжавання ля  адзнакі 1258, прыпыніліся адпачыць, і тут нейк зусім  нечакана пачалі падаць буйныя кроплі дажджу. Не разгубіўшысь, імгненна ўсталявалі большы намёт, схавалі ў ім заплечнікі, і на дыванках палеглі самі. Цікава і прыемна слухаць, схаваўшысь пад страху, як па даху малоціць, то крыху сціхаючы, то  набіраючы моц, цёплы летні доджд. Пад дожджык парасказвалі розных выпадкаў і баек, паабедалі, нават крышачку паспалі. Калі дождж сцішыўся і пераўтварыўся ў мелкую морась, сэнсу ісці далей ужо не было. Месца, дзе мы хаваліся ад дажджу, падыходзіла і для начоўкі. Да вады было, канешне, далекавата: ручай цёк кіламетры за паўтара-два ад нас па дарозе на Букавель, ў супрацьлеглым баку ад таго накірунку, ў якім мы ішлі.  Быў сумнеў у тым, што вада ў ручаі будзе чыстай пасля такога дажджу. Але ён не спраўдзіўся.

    Такім чынам, на трэці дзень мы прайшлі толькі два з паловай кіламетры. Ці то лічыць гэта днёўкай, ці паўднёўкай? - У любым выпадку, такая сітуацыя была прадугледжана планам пахода, і нічога непапраўнага не адбылося.

    Надвячоркам Алеся адыйшлася ў лес і прынесла колькі маладых  красаўцаў  баравікоў, з  таўстымі магутнымі нагамі, з цёмнымі карычневымі шапкамі.  Ну  вось, калі што, пратрымаемся на грыбах і не будзем галадаць па волі злыдня-каня з паланіны Блоджыў!

 

             Надвячоркам Алеся адыйшлася ў лес і прынесла колькі маладых  баравікоў.

 

16.08.2018.

Дзень 4

Пахмурна

Дождж

Пахмурна

адзнака 1258 – перавал Сталы –гара Доўга (1370) – гара Плоська (1352,6) – сцежка паміж адзнакамі 1352 і 1133 паўднёва-заходней гары Плоська

Пройдзеная адлегласць

18,72 км

Набор вышыні +567м

Скід вышыні --664м

Працягласць хадавога дня 10 гадзін 45 хвілін

           

Трэк чацвёртага дня на тапаграфічнай карце

Трэк чацвёртага дня на карце Google Earth

    Раніцой высветлілася, што навальнічны фронт прайшоў, пакінуўшы нам зацягнутае шэрымі хмарамі неба. Дождж не ішоў, але мог пайсці ў любы момант. А яшчэ мы апынуліся ў палоне у баравікоў. Яны былі паўсюдна, маладыя, прыгожыя. Узялі штук дваццаць, каб аздобіць суп і кашу. Болей браць не мала сэнсу, таму што ўжыць іх мы не маглі, ды і заплечнікі былі пакуль што яшчэ занадта важкія.

    Як і меркавалася, ісці на Даўбушанку ў такое надвор’е было не варта. А дзесятай гадзіне раніцы выступілі ў напрамку перавала Сталы. Нармальнаму маршу вельмі перашкаджалі ўсё тыя ж баравікі. Яны стаялі паабапал дарогі такія прыгожыя, што не ўзяць іх было злачынства. А сустракаліся яны літаральна на кожным кроку. І каля кожнага трэба было спыніцца, кожнаму пакланіцца з важкім заплечнікам на спіне. Ўрэшце было прынята канчатковае рашэнне: болей баравікоў не бярэм! Каб не рваць душу, голавы ўбок не паварочвалі.

Нармальнаму маршу вельмі перашкаджалі баравікі

    Тады ўбок пачалі касіць вочы! Вось так, са скошанымі вачамі, прыйшлі на перавал Сталы. На падыходзе да перавала дарога стала раздзёўбанай. Часта трапляліся вялікія лужыны, абапал якіх ляжаў слізкі глеісты бруд.  На адным з такіх кавалкаў дарогі Валера паслізнуўся і заваліўся ў бруд.

    Хто быў у вялікіх гарах, не зразумее, дзе тут перавал. Але на тапаграфічнай карце ўсе атрыбуты перавала былі ў наяўнасці. Значыць, перавал! Выцягнулі з кішэняў прызначаныя на сёння пакуначкі з індывідуальнымі наборамі сухафруктаў, падсілкаваліся і рушылі на пад’ём у гару Доўга. Было дзве магчымасці уздымацца на гару: па сцяжыне і па дарозе, разбітай квадрацыкламі. Канешне ж, выбралі сцяжыну.

    На пад’ёме заўсёды вельмі цешыць вока выпалажванне, месца, дзе пад’ём становіцца меньш крутым, палогім. У такім месцы ствараецца ўражанне, што вось ужо і ўзышлі! І на некалькі хвілін людзі становяцца шчаслівымі, да таго часу, пакуль не заўважаць, што за выпалажваннем новы, не меньш круты ўзлёт. Зірнуўшы на гадзіннік, зразумелі, што на бліжэйшым выпалажванні пара прыпыніцца на адпачынак. Хацелі спыніцца вунь за тымі хвойкамі, ала апынулася так, што месца занятае. Нягледзячы на даволі позні час там звёртвалі лагер два вандроўніка – бацька з сынам з Харкава. Яны не тое, каб ўзрадваліся нашаму з’яўленню, яны ўзрадваліся таму, што не яны адныя блытаюцца з такімі непад’ёмнымі заплечнікамі. Пасля прывітанняў старэшы з іх сказаў:

– Урэшце мы сустрэлі сапраўдных турыстаў!

    Гэтым ён канстатаваў факт, што цяперашнія вандроўнікі у пераважнай сваёй колькасці заяжджаюць у атэль, і адтуль, прыхапіўшы трэкінгавыя палкі, адбягаюць на гадзінку другую пратрусіцца. Потым вяртаюцца ў нумар з цёплым душам, мяккім ложкам і бутэлькай піва. Не тое, каб ён асуджаў кагосьці, але па інтанацыях адчувалася яго шкадаванне аб тым, што надыходзіць канец эры валацуг у латаных штармоўках з непад’ёмнымі заплечнікамі, а мы ўяўляем сабой апошніх з магікан. Харкаўчане былі настроеныя на працяглую размову, але не знашлі водгуку з нашага боку: наперадзе насычаны хадавы дзень.

    Праз яшчэ адзін пераход ўзышлі на гару Доўга. Сказаць, што ўзышлі на вяршыню цяжка, бо гара Доўга бязлесая і амаль што плоская. Пасля адпачынку па дарозе, што ідзе уздоўж гары, рушылі ў бок гары Плоська. Неўзабаве падышлі да развілкі, і Коля спытаў, куды ідзем: направа, ці налева?

– Налева! – упэўнена адказаў кіраўнік.

    Было б вельмі добра, калі б словы кіраўніка былі падмацаваныя позіркам на карту і компас, а не агульнымі ўяўленнямі аб тым, у які бок нам ісці. Што бывае ад неабгрунтаванай самаўпэўненасці кіраўнік адчуў прыкладна праз паўгадзіны, калі дарога пачала моцна віляць і рэзка страчваць вышыню. Вось тут прыйшлося не толькі звярнуцца да карты і компаса, але і паварочваць назад з наборам страчанай сотні метраў вышыні. Заўсёды вельмі няёмка перад людзьмі, якіх прывёў не туды. Чорную метку кіраўніку не ўручалі, і пасыпаць галаву попелам ніхто не стаў, але на ўсіх наступных ростанях гэта недарэчнасць міжволі ўсплывала ў памяці івымушала паглядзець на карту.

    Неба хмурылася з самага ранку, але устрымлівалася ад дажджу. Але, відаць, болей яно трываць не магло, і неўзабаве пасля таго, як мы вярнуліся на правільную дарогу, неба пачало мелка імжыць. Але тут мы як раз прыкмецілі крынічку на схіле гары, прыстасавоную пад паілку для жывёл. Усё сыходзілася: і абед, і крынічка. Пакуль гатавалася ежа, паставілі большы намёт. А калі паабедалі, неба добра расчулілася, так што чарговы раз прыйшлося хавацца ў намёце і чакаць, пакуль дождж сцішыцца.

Чарговы раз прыйшлося ў намёце чакаць, пакуль сцішыцца дождж.

    У бога ўсяго многа, але не бясконца многа. Вось і дожджык прайшоў. Пасля сябе ён пакінуў брудную слізкую дарогу, якая пасля ўваходу ў лес стала яшчэ і разбітай транспартам. Па ёй у 18.50 мы і прыйшлі на гару Плоська. Час быў не ранні. Пара думаць пра стаянку. Але пітная вада ёсць толькі пад гарой, таму трэба спускацца. Нягледзячы на сваю назву, у гары вельмі крутыя схілы, і па мокрай траве з нашымі заплечнікамі без сцяжыны з яе не спусцішся.

Гара Плоська сапраўды плоская, ды схілы яе крутыя, без сцежкі не злезеш!

    Сцежкі, якая намалявана на карце, на самой справе няма. Кіраўнік высветліў гэта, калі вандраваў тут у 2014 годзе. Таму, улічваючы папярэдні вопыт, адразу пайшлі на супрацьлеглы канец гары, дзе каля вельмі непрэзентабельнага выгляду калыбы пачынаецца дарога для прагона худобы. Вы ведаеце, што можа ўяўляць з сябе такая дарога пасля дажджу? Там можна папіць з капытоў любога кшталту і пераўтварыцца ў любую хатнюю жывёліну, можна паслізнуцца на поўнафарматным кароў’ім пірагу, на ім жа і распластацца. Там нельга было толькі знайсці мясціну без бруду, на якую можна было б паставіць нагу. Зразумела, што не ўзнікала нават і думкі, каб дзе-небудзь тут спыніцца. Трэба было сысці з гэтага жывёлапрагоннага праспекта, а ён усё не сканчаўся. Да цемры заставалась ўжо зусім нямнога, калі мы выйшлі на шырокую, ак алея, сцежку ўздоўж лініі Керзона, якая падзяляла ў старадаўнія часы Чэхаславакію і Польшчу. Спыніліся на першай гарызантальнай пляцоўцы, якая дазваляла ўсталяваць намёты. На шчасце, з левага боку даносіліся гукі бягучай вады. Нягледзячы на прайшоўшы дождж, вада амаль што не забрудзілася. Вячэру варылі ўжо ўпоцемках. Стаміліся, але было задавальненне ад таго, што, нягледзячы на дождж і страту часу на блуканне, прайшлі ладны адрэзак і не выбіліся з графіка праходжання маршрута.

 

17.08.2018.

Дзень 5

Пахмурна

Навальніца

Пахмурна

Сцежка паміж адзнакамі 1352 і 1133 паўднёва-заходней гары Плоська – гара Чорна Клэва (1719,5) – стаянка паўднёва-усходней гары Руська

Пройдзеная адлегласць  12,4 км

Набор вышыні +794 м

Скід вышыні -241 м

Працягласць хадавога дня

 10 гадхзін  30 хвілін

Трэк пятага дня на тапаграфічнай карце

 

Трэк пятага дня на карце Google Earth

    На маршрут выйшлі ў стандартны час, а дзесятай гадзіне раніцы. Можна было б, канешне, збірацца і значна хутчэй, улічваючы, што сняданак звычайна быў гатовы ў восем гадзін. Але працягласць светлавога дня дазваляла і пры такім познім выхадзе праходзіць дзённую норму.

    Ішлі па сцяжыне на былой мяжы паміж Чэхаславакіяй і Польшчай. Каб не бясконцыя завалы, што перагароджваюць  дарогу, тут можна было б атрымаць нават эстэтычную асалоду! Месцамі было падобна на паркавую алею, але вось завалы… Увесь час прыходзілася збочваць, прадзірацца, чапляць заплечнікам за паваленыя дрэвы… Тым не меней, настрой быў цудоўны – мы ж у вандроўцы. Калі пачаўся набор вышыні на падыходзе да гары Чорна Клэва, сцяжына пачала перыядычна раздвойвацца, станавіцца паступова меней прыкметнай. Прыйшлося ўважлівей падыходзіць да выбара варыянта. Адзін момант, калі сцяжына вывела на траверс даволі крутога схіла з магутнымі заваламі, падалося, што страцілі правільны курс. Калі ж сцяжына вельмі крута палезла ўверх, так, што прыйшлося чапляцца рукамі за камяні і карэнні, каб не ссунуцца ўніз, стала зразумела: мы на правільным шляху. Але тут невядома адкуль, а дакладней, з паўднёвага усходу, вельмі хутка да нас пачала набліжацца хмара, колер якой не зычыў нам нічога добрага. Хмара грымела і кідала долу маланкі. Але дажджу пакуль што не было. Між тым, мы былі ўжо бдізка да вяршыні гары, а знаходзіцца на гары падчас навальніцы, мякка кажучы, не вельмі бяспечна. І тут як лясне! Міжволі ўсе імгненна прыселі, злавіўшы эмоцыю! А Коля заўважыў, што маланка стукнула ў сцяжыну метраў на сорак вышэй нас. Такія эмоцыі садзейнічаюць прыняццю разумных рашэнняў! Вырашылі пакуль вышэй не лезці. Коля, з’яўляючысь радыёфізікам, падняўся крыху вышэй і ў якасці маланкаадвода ўтыкнуў у гару металічную трэкінгавую палку, маўляў, лепш страціць палку…

Сцяжына на гару Чорна Клэва           

  

З вясёлкай весялей і ісці, і адпачываць!

    Тым часам пачаў накрапваць дождж. Хуценька знайшлі больш-меньш палогае месца, ўсталявалі намёт, і да таго часу, як дождж набраў моц, пахавалі ў яго свае заплечнікі, зашыліся самі. Як прыемна пад грукат кропель па тэнце ляжаць на дыванку! Адпачываюць, гудзяць натруджаныя ногі і плечы, голавы пакладзеныя адзін на аднаго, і пачынаюцца байкі, сапраўдныя гісторыі, яшчэ болей неверагодныя, чым байкі, а пад выпадак і анекдоцік трапны. Глядзіш, грымоты сышлі, і дождж скончыўся. Пара ў лямкі і лезці далей.

    Да вяршыні заставалась ўжо нямнога, хвілін пятнаццаць-дваццаць хады, ды ўжо і выпалажылась. Узыйшоўы, турыка не знайшлі, сфатаграфаваліся ля старажытнага чэхаславацка-польскага памежнага слупка. Усе слупкі пранумераваныя, але мы так і не зразумелі сістэму іх нумарацыі. Між тым ужо вечарэла, і трэба было шукаць месца для начлега. Дакладней, месца можна было і не шукаць, таму што на самой гары шмат дзе можна ўсталяваць намёты. Шукаць трэба было ваду. Электронная карта MAPS ME падказала, што крыніца знаходзіцца на правым схіле хрыбта, не даходзячы да гары Руська. Тая ж электронная карта вылічыла і адлегласць да крыніцы – паўтара кіламетра. Упэўненыя, што на хуткім часе нас чакае адпачынак, рушылі ў апошні пераход. Сцежка вельмі хутка занырнула ва ўжо добра знаёмы нам хваёвы сланік, і ўжо ні на хвіліну не выскоквала з яго. Сланік быў знатны! Ён сціскаў сцежку з двух бакоў да такой ступені, што штаны і заплечнік увесь час чапляліся за яго, раз-пораз прыходзілася нахіляцца, паднырваць, спыняцца, Прайшлі кіламетр, другі, а сланік усё ніяк не сканчаўся. Ён абступіў групу з усіх бакоў, і не было абсалютна ніякіх прыкмет таго, што гэты хваёвы хмызняк раздвінецца и падорыць нам пляцовачку пад намёты. Група расцягнулася па сцежцы. Авангард час ад часу спыняўся, каб стуліць шэрагі. Да адчаю было яшчэ далёка, але людзі стаміліся. Як яны вылічваюць адлегласць, гэтыя гаджэты? Колеў разумны гадзіннік (smart watch Fitbit Ionic) высветліў, што да праплешыны, на якой мы ўрэшце спыніліся, ад Чорнай Клэвы прайшлі 3,5 кіламетры. Гэта было значна болей падобна на праўду, чымсьці тое, што наканаваў MAPS ME.

Калі ж ён скончыцца, гэты хваёвы сланік?

Месца пад намёты знайшлось толькі на закаце.

    Пляцоўка, на якой мы ўрэшце спыніліся, ўяўляла сабой цвёрды каменны россып у атачэнні хваёвага сланіка. Усе прыкметы сведчылі пра тое, што тут спыняюцца ўсе. Але калі перайсці на правы бок сцежкі, там таксама можна знайсці пляцоўку прыдатную для усталявання намётаў. Толькі ў гэтай пляцоўкі былі дзве істотныя перавагі: па-першае, яна зарасла густым, высокім , пукнатым як матрас канапы зялёным мохам, а па-другое, тут было зацішней ад ветра. Па ініцыятыве кіраўніка перйшлі на гэту малаахітавага колеру пляцовачку, ўсталявалі намёты. Пасля таго, як усталявалі намёты, высветлілася, што мох нездарма так буяе: ён быў настолькі насычаны вільгаццю, што мы фактычна клаліся спаць у лужыну. Затое было мякка!

 

Не кожны дзень такія краявіды цешаць вока.

    А крынічка з вадой знаходзілася побач. Трэба было па ледзь прыкметнай сцежцы прадрацца ўніз па схіле метраў на пяцьдзесят. Канешне, лепш ісці па воду з тарай якая мае крышку і змяшчаецца ў заплечніку, таму што з двума поўнымі вады катламі ў руках прадзірацца праз сланік уверх па слізкай сцежцы – занятак для Тарзана. Сярод зарасцей сланіка праблемай з’явіліся дровы. Высветлілася, што сланік – вельмі здаровая і негінучая расліна. Нідзе не было нават прыкмет засохлага хмызняка, і дзеля прыгатавання вячэры прыйшлося не меней за паўгадзіны прачэсваць наваколле. У вогнішча падкідвалі нейкія галінкі. Тым не меньш, вячэру прыгатавалі, смачную, і карысную. 

 

18.08.2018.

Дзень 6

Сонечна

Пераменная воблачнасць

Пераменная воблачнасць

стаянка паўднёва-усходней гары Руська – гара Руська (1677,2) – гара Мала Братківська (1677) – гара Вялікая Братківська (1788) – выток ракі Чорна Тыса

Пройдзеная адлегласць

11,9 км

Набор вышыні +520 м

Скід вышыні --726 м

Працягласць хадавога дня

7 гадзін 25 хвілін

Трэк шостага дня на тапаграфічнай карце

Трэк шостага дня на карце Google Earth

    Раніца выдалася вельмі прыгожай, сонечнай. Яна падарыла нам надзею на тое, што чарада громаў і дажджоў прайшла. З вышыні нашага лагера адкрываліся вельмі прыгожыя далягляды. У прасторы паміж гарамі павольна плавала, ахінаючы ўзвышшы, малако аблокаў. Рукі самі цягнуліся да фотаапарата.

У прасторы паміж гарамі павольна плавала, ахінаючы ўзвышшы, малако аблокаў..

На сняданак у нас быў найсмачнейшы, насычаны кампот з брусніц!

    Далёка на паўночным захадзе было відаць рознакаляровыя кропелькі дахаў і дамоў сяла Быстрыца

    А дзесятай гадзіне, скончыўшы ўсе гаспадарчыя справы, рушылі ў паход. З месца нашага лагера уперадзе бачыліся яліны, і стваралася ўражанне, што сланік вось тут і скончыцца, а разам з ім скончыцца і гэты здзек над вандруючымі людзьмі. Але гэта была ілюзія, міраж. Сланік усё не сканчаўся! Тым не меньш, змагаючысь, мы рухалісь наперад, і ў 12.15 прыйшлі на гару Руська.

    Надвор’е было проста захапляючае! Ішлося лёгка і весела. Улічваючы, што ішоў ужо шосты дзень вандроўкі, заплечнікі палегчыліся настолькі, што хоць спявай падчас хады. Да турыка на вяршыні гары Мала Братківська падышлі ў 13.35 і выявілі там знаёмых з учарашняга дня “сапраўдных” турыстаў з Харкава. Яны прайшлі сюды іншай, больш кароткай дарогай, а цяпер са сваімі монстрамі на плячах  пачыналі рух у бок Братківськай. Неўзабаве рушылі і мы. Наша хуткасць была значна вышэй, таму на хуткім часе мы апярэдзілі іх, і ў гарах болей не сустракалі.

    У 14.35 мы ўзышлі на вяршыню гары Вяліка Братківська. Адсюль наш шлях ляжаў да вытока рэчкі Чорна Тыса, аднаго з прытокаў ракі Дунай.  Цяпер мы павінны былі ўвесь час бегчы па звілістай сцяжыне ўніз. Ухіл сцяжыны пераменны, але ў верхняй частцы круты, камяністы, часта з вялікім перападам вышыні паміж камянямі, па якім трэба было ступаць. Дамініку было няпроста пераадольваць гэты спуск, таму ён рухаўся асцярожна і павольна. Час ад часу прыходзілась чакаць, пакуль ён дагоніць групу, але трымаўся Дамінік малайцом.

Сцежка вядзе на гару Руська

У 12.15 мы адзначылісь ля памежнага слупка на гары Руська.

Падыход да гары Мала Братківська.

На гары Мала Братківська турык не развальваецца таму, што скручаны дротам.

 

А вось і гара Вяліка Братківська. Інфармацыйная таблічка адсутнічае.

    Другая палова спуска з гары Вяліка Братківська не меньш крутая, чым першая, але сцежка там ідзе скрозь лес. Месца гэтае карыстаецца папулярнасцю сярод  турыстаў, таму глеба  на сцяжыне вышмаргана падэшвамі чаравікаў да такой ступені, што пры такім ухіле на ёй цяжка ўтрымлівацца і не пасунуцца ўніз. І толькі апошяя траціна шляху ад  Братківськай да вытока Чорнай Тысы выпалажваецца і дазваляе бяспечны камфортны рух.

    Каля 17.00  група выйшла да вытока. Месца гэта наведваемае. Відаць, што тут праводзяцца і масавыя мерапрыемствы. Намёты усталявалі на вялікай паляне па суседству з вытокам. Месцам ўжывання ежы прызначылі прыгожую гасцявую альтанку з даўгім масіўным сталом. Між іншым адзначылі, што назбіраць грыбоў не ўдалося – гэта вам не Гарганы! Ваду для прыгатавання ежы і гарбаты бралі проста з вытока Чорнай Тысы. Дзякуючы дажджам струмень вытока быў даволі моцны. І ад усведамлення таго, што вада бралася з такой славутай крыніцы, вячэра здавалася асабліва смачнай і карыснай!

 

19.08.2018.

Дзень 7

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

выток ракі Чорна Тыса – гара Татарука(1707)  – гара Траяська (1702) – гара Ўнгурська (1707) – стаянка на мяжы Івана-Франкоўскай і Закарпацкай абласцей

Пройдзеная адлегласць 19,2км

Набор вышыні +810 м

Мкід вышыні --659 м

Працягласць хадавога дня 10 гадзін 15 хвілін

Трэк сёмага дня на тапаграфічнай карце

Трэк сёмага хадавога дня на карце Google Earth

    Раніца выдалась сонечнай. Збіраліся нетаропка, падчышчаючы гаспадарчыя справы: хто рамантаваў парваныя ў сланіку штаны, хто прышываў гузік ці прыладжваў па фігуры заплечнік. Менавіта ў гэты час да нас падыйшоў украінскі парубак, галава сямейства, што начавала непадалёк і, нібыта прабачаючысь, запытаў, ці не возьмем мы кавалак сыра. Учора яны ішлі з гары Траяська, праходзілі паўз калыбу, ў якой пастухі варылі сыр, і набылі кавалак свежага сыру. Але паколькі паўнацэнны насільшчык у сям’і адзін, а несці трэба вельмі многа, то на гэты кавалак сыра ўжо няма ні месца, ні сіл. Мы з вялікай удзячнасцю прынялі падарунак і пажадалі вельмі прыемнай украінскай сям’і лёгкіх заплечнікаў і добрага надвор’я.

    Пасля заканчэння гаспадарчых спраў развіталіся з тоненькім струменьчыкам Чорнай Тысы, што выцякае з трубы з нержавеючай сталі, умураванай у сценку з граніта, сфатаграфаваліся ля інфармацыйнага указальніка, і даволі позна, у 11.15 пачалі свій дзённы пераход.

    Перш мы прайшлі праз перавал Окула. Той, хто бываў на перавалах, рассмяецца,  даведаўшысь, што толькі што ён прайшоў перавал. Але акрамя кіраўніка на перавалах дагэтуль ніхто не бываў, таму смеху не было.

     Пасля перавала сцежка ўяўляла з сябе шэраг паралельна ідучых малапрыкметных на зямлі сцяжынак, якія ўвесь час губляліся. Прыходзілась увесь час глядзець па баках і пераходзіць на больш прыкметную і зручную з іх. Урэшце  выйшлі на брудную, даволі разбітую, з вялікімі лужынамі дарогу. Па ёй і падыйшлі да калыбы, ў якой нашы суседзі па начоўцы ўчора набылі сыр. Паколькі сыр у нас ўжо быў, мы прайшлі далей, і прыпынілісь, каб адзначыцца на мясцовасці. Папяровы варыянт карты Карпат падказваў, што пара паварочваць на сцяжыну, што крута ўзнімалася направа ўгору. MAPS ME пярэчыў, што трэба прайсці па дарозе далей.  Да гэтага часу  MAPS ME была дакладней, таму, паверыўшы ёй, мы пайшлі далей. Але, як і ў жыцці, не бывае так, каб увесь час правы быў хтосьці адзін. Прайшоўшы можа з кіламетр, зразумелі, што памыліліся. Прыйшлося ўжо другі (ды не апошні ) раз вяртацца. Пачатак пад’ема з паланіны на гару быў вельмі крутым, але потым крышачку выпалажыўся, а сама сцяжына была вельмі маляўнічай! Асабліва на кантрасце з затоптанай худобай дарогай, што праходзіла ля калыбы.

 

Група на паляне ля вытока ракі Чорна Тыса

    Пасля перавала сцежка ўяўляла з сябе шэраг паралельна ідучых малапрыкметных на зямлі сцяжынак, якія ўвесь час губляліся. Прыходзілась увесь час глядзець па баках і пераходзіць на больш прыкметную і зручную з іх.  Урэшце  выйшлі на брудную, даволі разбітую, з вялікімі лужынамі дарогу. Па ёй і падыйшлі да калыбы, ў якой нашы суседзі па начоўцы ўчора набылі сыр. Паколькі сыр у нас ўжо быў, мы прайшлі далей, і прыпынілісь, каб адзначыцца на мясцовасці. Папяровы варыянт карты Карпат падказваў, што пара паварочваць на сцяжыну, што крута ўзнімалася направа ўгору. MAPS ME пярэчыў, што трэба прайсці па дарозе далей.  Да гэтага часу  MAPS ME была дакладней, таму, паверыўшы ёй, мы пайшлі далей. Але, як і ў жыцці, не бывае так, каб увесь час правы быў хтосьці адзін. Прайшоўшы можа з кіламетр, зразумелі, што памыліліся. Прыйшлося ўжо другі (ды не апошні ) раз вяртацца. Пачатак пад’ема з паланіны на гару быў вельмі крутым, але потым крышачку выпалажыўся, а сама сцяжына была вельмі маляўнічай! Асабліва на кантрасце з затоптанай худобай дарогай, што праходзіла ля калыбы.

    Першай на шляху сённяшняга перахода была гара Татарука. Яна моцна дысанавала з тымі гарамі, якія мы праходзілі ў Гарганах, таму што наёй зусім не было курумніка, так нелюбімага Дамінікам. Схілы Татарукі парослыя травой, а калі быць больш дакладнымі – брусніцай. Ягады брусніц проста насыпаныя на паверхні гары. І толькі зусім абыякавы чалавек можа прайсці побач, і не паласавацца. Мы – людзі неабыякавыя. Таму быў зроблены незапланаваны прыпынак, і брусніцы паглыналіся жменямі да таго часу, пакуль не пачало пекчы ад кіслаты языкі.

Сцяжына на схіле гары Татарука была вельмі маляўнічай

 

    Тым часам да нас наблізілася група дзяцей школьнага ўзросту. Даволі адстаўшы ад іх, ішлі дзве кабеты немаладога ўжо ўзросту. Мы прывіталі іх і запыталіся, ці не іх выхаванцы беглі нам насустрач. Высветлілася, што гэта школьныя настаўніцы вядуць сваіх вучняў у вандроўку. Падчас размовы настаўніцы здзівілісь:

– А чаму вы размаўляеце па-беларуску?

– А чаму вы размаўляеце па-украінску? – у адказ запыталіся мы.

– Бо мы украінцы!

– А мы – беларусы!

    Выказаўшы сваё захапленне тым, як украінскія школьнікі адпачываюць падчас канікул і развітаўшысь з іх настаўнікамі, пакрочылі далей.

    Зваротны схіл Татарукі носам сыходзіць у бок гары Траяська. Менавіта па гэтым носе мы і ішлі, калі ўспомнілі, што нясем з сабой кавалак сапраўднага карпацкага  сыру. Успамін прыйшоў нездарма – надыйшоў час абедаць. Сышоўшы крыху ніжэй з хрыбта носа, каб было зацішней ад ветра, расклалі свій паходны абед: нарэзалі найсмачнешага украінскага сала і львоўскай сыравяленай каўбаскі, пароўну, па-брацку падзялілі сыр і  з асаблівай асалодай ужылі па ладнаму яго кавалку! Без перабольшвання, такога смачнага сыра есці яшчэ не даводзілась!

    Доўга заседжвацца не было часу. Нас чакала гара Траяська. Яна знаходзіцца непадалёк ад Татарукі, але вельмі прайграе апошняй ў выглядзе, таму што праз яе праходзіць дарога, па якой увесь час носяцца пазадарожники и квадрацыклы. Вядома ж, з гэтай нагоды паверхня гары спаласавана калеями і выглядае не вельми прывабна.

    У 15.55 мы падышли да инфармацыйнага ўказальника на вяршыни гары Траяська, каб сфатаграфавацца для справаздачы.

На вяршыні гары Татарука

Такога смачнага сыра есці яшчэ не даводзілась!

    Тым часам да указальника падъехаў джып, з якога вылезлі ўкормленыя дзеткі і іх бацькі. Стаўшы ля ўказальніка так, каб быў бачны і джып, яны зрабілі здымак, селі на машыну, і паехалі на наступную гару. Міжволі падумалася, што і тыя дзеткі, якіх мы бачылі на Татаруцы, і гэтыя ў сачыненні на тэму “Як я прабавіў лета” будуць пісаць, што вандравалі па Карпатах…

Гара Траяська

 

Заканчэнне. Дзень 8-12  >>>>>

<<<< Вярнуцца ў пачатак