Контакты
Погода

Паход па Нарвегіі-2019. Дні 3-7

 

27.06.2019

Дзень 3

Пахмурна

Дождж

Пахмурна

воз. Russvatnet (1175) – пер. Vestre (1685, н/к) – Glitterheim (1374) – воз. Steinbuvatnet (1501)

Пройдзеная адлегласць
16,54 км*1,2=19,85 км

Набор вышыні +760.2 м
Скід вышыні -435.1 м

Працягласць хадавога дня
8 гадзін 32 хвілін

 

Трэк трэцяга хадавога дня на тапаграфічнай мапе (чырвоная лінія)

   Трэк, перапад вышынь  і хуткасць руху па маршруце трэцяга хадавога дня на мапе Google Earth (блакітная лінія)

    Дзень па распарадку пачаўся ранішняй зарадкай і сняданкам. Зарадка вельмі станоўча ўплывае на фізічны стан і настрой групы, таму яна з вялікім задавальненнем успрымалася ўсімі ўдзельнікамі. Адчуваючы гэта, фізорг пашырыў набор практыкаванняў, больш пільна сачыў за тым, каб яны правільна выконваліся. Да таго ж нейк зацягнулася згортванне лагеру. У выніку выхад затрымаўся амаль да 11 гадзін. Гэта, канешне, быў перабор. На хуткім часе група рызыкавала зблытаць дзень з ноччу, таму кіраўніком было прынята рашэнне аб больш раннім пад’ёме, а зарадка была перанесена на прывалы.

Зарадка вельмі станоўча ўплывае на фізічны стан і настрой групы

    Прайшоўшы амаль палову возера Russvatnet па прыбалочаным беразе ў паўночна- усходнім напрамку, спыніліся на першым у нашай вандроўцы мосце праз бурны паток. Прыгожы, па-гаспадарску зроблены мост, магутныя струмені горнай ракі пад табой! Месца проста вытачала Моц і Прыгажосць! Ну як тут не спынішся, каб напітацца сіламі матухны-прыроды?! Спынілісь. Эмоцыі захлёствалі. Саня пачаў хадзіць на галаве!

Саня пачаў хадзіць на галаве!

    Вольга і Алена ў абдымку сідзелі ля шалёных струменяў – моц эмоцыі  прама прапарцыянальная колькасці перажываючых яе і зваротна прапарцыянальная адлегласці паміж імі. (На хуткім часе да іх далучылася і Наста!)

На хуткім часе да іх далучылася і Наста!

    Пад прамым кутом павярнулі ў напрамку nord-nord-west і, паступова набіраючы вышыню, падыйшлі да перавала Vestre (1685). Перавал быў упрыгожаны даволі вялікім снегавіком і выглядаў вельмі ўрачыста. Па снегавіку насустрач нам спусцілася пара нарвежцаў. Нягледзячы на, мякка кажучы, невысокую тэмпературу і даволі моцны вецер, ішлі яны з непакрытымі галовамі ў шортах і майках з кароткім рукавом – у людзей лета. Калі ж, як не летам, хадзіць у шортах і майках? Нашы ўяўленні аб леце крыху адрознівалісь, таму мы былі ў куртках з накінутымі капюшонамі.

Пад’ём на перавал Vestre ішоў па прыгожым снегавіку

    Пад’ём на перавал ішоў па прыгожым снегавіку. Перад выхадам на снег апранулі акуляры, каб не нахапацца вачыма ультрафіялету. За перавалам вырашылі паабедаць. Зацішак ад ветру знайсці было няпроста. Далейшы шлях ляжаў да прытулка  Glitter-heim.
    Перад паходам мы шукалі інфармацыю аб умовах вандравання па Нарвегіі. Часта траплялася інфармацыя аб прытулках без абслугоўваючага персанала, у якіх, паклаўшы грошы ў сейф, самастойна можна  карыстацца прадуктамі, ложкамі і іншымі матэр’яльнымі дабротамі. Нам такія не патрапілісь ні разу. Магчыма, таму што вандравалі мы па папулярным турысцкім месцы. Вось і Glitterheim уяўляе з сябе комплекс драўляных аднапавярховых будынкаў для абслугоўвання тых, хто вандруе ад прытулка да прытулка. Да прытулка падыходзіць аўтамабільная дарога, а ў загароджы стаіць цэлы парк ровараў. Відаць, недзе ў наваколлі ёсць сцяжыны, на якіх можна катацца на ровары. На падыходзе да прытулка  сцяжына падвяла нас да падвяснога маста. У мастоў ёсць нейкая свая захапляючая энергетыка. Чамусьці на мосце фарбы ўспрымаюцца больш яскрава і сэрца ў грудзях тухкае па-святочнаму!

Чамусьці на мосце фарбы ўспрымаюцца больш яскрава

    Мы спыніліся на прывал. Нам цікава была толькі адна паслуга – бясплатны Wi-Fi. Трэба сказаць, не ва ўсіх прытулках ён быў. Ажыццявіўшы сеанс сувязі з Радзімай і ўжыўшы смачных і карысных нішцякоў з кішэнкі (у кішэнку уваходзілі фігі, фінікі, чарнасліў, і некалькі відаў арэхаў), рушылі ў напрамку возера Steinbuvatnet, на беразе якога планаваўся начлег.

Прытулка Glitterheim.   

    Сцяжыны да возера не было. Гэта была наша першая імправізацыя. Мы хацелі прайсці праз перамычку паміж азёрамі Nedre Steinbuvatnet і Ovre Steinbuvatnet на перавал Storglupen. Месца пад намёты на беразе возера прыйшлося пашукаць. Са схіла на супрацьлеглым беразе да самай вады спускаліся языкі снегавікоў. Яны адлюстроўваліся ў возеры разам з блакітным небам. Па беразе бегала, па колеры зліваючысь з каменнем, палярная курапатка, час ад часу абзываючысь вельмі непрыемным гарлавым воклічам.

 Месца выглядала святочна, як любіць Вольга. Тым болей, што сённяшнім вечарам менавіта яна павінна была стварыць свята ўсім удзельнікам пахода – сёння яна гатавала вячэру-сюрпрыз.

Месца выглядала святочна, як любіць Вольга

    Менавіта Вольга падчас падрыхтоўкі да вандроўкі прапанавала кожнаму з удзельнікаў прыдумаць вячэру-сюрпрыз. Астатнія не павінны былі ведаць яго склад. У Вольгі сюрпрыз удаўся! Калі яна дастала з заплечніка 6 (шэсць!) банак кансерваў скумбрыі, кіраўнік ледзь не страціў дар мовы. Ён жа змагаўся за кожны грам! А тут жалезныя банкі, вадкі склад!!.. А што ж нясуць у заплечніках астатнія!?

Вячэра атрымалася не па-паходнаму святочнай! 

28.06.2019

Дзень 4

Пахмурна

Дождж

Пахмурна

воз. Nedre Steinbuvatnet (1501) - воз. Ovre Steinbuvatnet (1503) – пер. Storglupen (1841) – г. Skautcampan (1443) - Spitterstulen (1104) - д.р. Bukkeholsbekken

Пройдзеная адлегласць
15,8 км*1,2=18,96 км

Набор вышыні +515 м
Скід вышыні -841 м

Працягласць хадавога дня
10 гадзін 18 хвілін

 

 

Трэк чацвёртага хадавога дня на тапаграфічнай мапе (чырвоная лінія)

Трэк, перапад вышынь  і хуткасць руху па маршруце чацвёртага хадавога дня на мапе Google Earth (блакітная лінія)

    Тое, што агульнагрупавая зарадка была перанесена на прывалы, не забараняла нікому арганізоўваць сябе такім чынам, каб правесці і ранішнюю зарадку. Але гэтым правам карыстаўся адзін толькі Саня. Ён хуценька збіраў намёт, пакаваў заплечнік і, адышоўшы ўбок, непрыкметна прыводзіў арганізм у баявы стан. Сённяшнім ранкам яго зарадка завяршалася воднымі працэдурамі. Цікава было назіраць, як Саня, абліты золатам

А цяпер пераходзім да водных працэдурх.

узыходзячага сонейка, лезе ў ваду, тэмпература якой не вышэй за 1ºС. Міжволі ўспамінаеш, што яго прозвішча Швед, ды і сам ен падобны на вікінга. Чалавек патрапіў у родную стыхію, магчыма, нават на радзіму продкаў.

    Дзякуй богу, на сняданак не было ніякіх сюрпрызаў! Паснедаўшы, хуценька сабралі лагер і рушылі ўздоўж берага да перамычкі паміж азерамі. Узровень вады ў азёрах адрозніваецца на 2 метры, і апынулася так, што перамычка насамрэч была не перамычкай, а пратокай паміж азёрамі. Пратока неглыбокая, з камянямі, выглядаючымі з вады. Па камянях мы яе і пераадолелі.

Пратока неглыбокая, з камянямі, выглядаючымі з вады.

    Перавальны кулуар быў завалены камянямі, па стане якіх было бачна, што зверху яны прыляцелі не так даўно. Таму шлях пад’ёма выбіралі такім чынам, каб быць па магчымасці далей ад схіла, з якога яны прыляцелі. Камяні яшчэ добра не ўлягліся, таму час ад часу трапляліся “жывыя”. Прыйшлося ісці яшчэ больш уважліва.

Перавальны кулуар быў завалены камянямі

    На прывале Вольга сказала, што нейкі гэты перавал бясконцы. Адразу паступіла прапанова ў межах нашага пахода даць яму назву Бясконцы. Хаця на самой справе няма нічога бясконцага. Неўзабаве мы падняліся да снегавіка, і ўжо па ім - да самага перавальнага сядла.

Па снегавіку дайшлі да перавальнай седлавіны

Па курумніку ўзялі накірунак на возера Ovre Steinbuvatnet,

    Узышоўшы на перавал, па курумніку ўзялі накірунак на возера Ovre Steinbuvat-net, непадалёк ад якога праходзіць сцежка на прытулак Spitterstulen. Зрабіўшы непадалёк ад возера прыпынак на абед, пайшлі на перавал  паўднёвей гары Skautcampan. З перавала адкрывалісь цудоўныя далягляды на даліну ракі Bukkeholsbekken. Спыніліся, каб палюбавацца. Паўднёвей, унізе былі бачныя домікі прытулка Spitterstulen. З прытулка ідзе сцяжына на вышэйшую кропку Нарвегіі гару Galdhøpiggen (2469). Большая частка каманды хацела здзейсніць узыходжанне на гару, але ў гэтым выпадку ў нас не было амаль ніякага запасу па часе, каб не спазніцца на самалёт. Хто жыве без запасу, той згіне да часу. Было прынята вельмі непапулярнае рашэнне ісці далей без заходу на Galdhøpiggen (тым болей, што заход на Galdhøpiggen зацверджаным маршрутам не планаваўся).

    Спуск да прытулка быў досыць доўгім. Скінулі шмат вышыні. Паабапал сцяжыны пачалі пападацца бярозкі. Мы ненадоўга ўвайшлі ў зялёную зону. Зеляніна вельмі разнастаіла пейзаж і прыўзнімала настрой. Падвысілася тэмпература паветра, стала адчувальна цяплей. Неўзабаве падыйшлі да будынкаў прытулка. У прытулку нам неабходна было набыць газ, бо па расходзе атрымлівалась, што газа, набытага намі ў Осла, да канца пахода не хопіць. Газ быў толькі шведскі ў невялічкіх балонах 0,25 л. Не зважаючы на кошт, набылі 3 балоны. Дакладней, не зважаць на кошт было немагчыма, але іншага выйсця ў нас не было. Cкарыстаўшысь Wi-Fi, ужо накіроўвалісь сыходзіць, калі Паша заўважыў ля ўвахода ў прытулак драўляную ступу, з якой тырчалі непарныя трэкінгавыя палкі з рознымі дэфектамі. Мы вырашылі, што сюды састаўляюць нягодныя палкі, каб не забруджваць наваколле, і іх можна браць. Дасталі колькі штук – то моцна пагнутая, то паламаная. Але калі камянём парыхтаваць, то вось гэтай яшчэ можна нейкі час пакарыстацца. Нягледзячы на тое, што ступа стаяла звонку перад дзвярыма, вырашылі спытацца. Паша, як лепшы знаўца англійскай мовы, пайшоў на перамовы. Вярнуўся ён крыху збянтэжаны. Таму што яму сказалі, што ламачыну гэту мы можам набыць у іх за 200 крон (20 еўра). Палку, канешне ж ніхто не ўзяў, але на кошт газа наклаўся кошт ламачыны, і да самай ночы Лявон не мог супакоіцца, час ад часу ўсклікаючы, што нават у нас, жабракоў у параўнанні з нарвежцамі, такое ламачча аддалі б бясплатна.

29.06.2019

Дзень 5

Пахмурна

Навальніца

Пахмурна

д.р. Bukkeholsbekken - воз. Panna - воз. Troget – Leirvassbu – Storutladalen - воз. Graudaisdammen

Пройдзеная адлегласць
18,9 км*1,2=22,68 км

Набор вышыні +465 м
Скід вышыні -413 м

Працягласць хадавога дня
9 гадзін 36 хвілін

Трэк пятага хадавога дня на тапаграфічнай мапе (чырвоная лінія)

Трэк, перапад вышынь  і хуткасць руху па маршруце пятага хадавога дня на мапе Google Earth (блакітная лінія)

    Раніца выдалася прыгожая: аблокі высокія, між іх выглядвае сонейка. Што ні кажыце, а ультрафіялет у прыпалярнай мясцовасці, ды яшчэ ў гарах, вельмі агрэсіўны. Таму большая частка каманды перад выхадам на маршрут нанесла на твары тлусты пласт крэму ад загару. Падчас нашых прыгатаванняў да выхаду па сцяжыне паўз нас жвавенька прайшла група чалавек з пятнаццаці сталых людзей, у асноўным бабулек. Праходзячы паўз нас, кожная з іх ветліва віталася:

    – Ні!

     Не хочаце пятнаццаць раз запар з перапынкам у 2-3 секунды з ветлівай усмешкай адказваць:

    – Ні! – не спыняйцесь ля сцежкі.  

    Хвілін праз пятнаццаць рушылі і мы. Ішлі па даліне рэчкі Visa з правага араграфічна боку у напрамку да вытоку з павольным наборам вышыні. Раз-пораз дарогу перагароджвалі шматлікія прытокі, якія мы з задавальненнем пераадольвалі па маляўнічых дабротна змайстраваных мастках. Масткі былі драўляныя без аніякай прапіткі і афарбоўкі. Саню гэта ўвесь час цікавіла і здзіўляля. Па яго разліках такія масткі павінны былі вельмі хутка згніваць, і іх патрэбна пастаянна ўзнаўляць. Але гэта калі раўняць па беларускіх мерках. А тут лета значна карацейшае, халоднае. Большую частку года – снег і мароз. У мароз нічога не гніе!

    Каманду бабулек здолелі дагнаць толькі тады, калі яны спыніліся на перапынак. Канешне, ішлі яны налегцы, але для свайго ўзросту вельмі жвава!

    Вытокі ракі Visa –гэта шматлікія ручаі, што сцякаюць з ледавікоў і снежнікаў навакольных схілаў. Збіраючыся ў плоскай катлавіне паміж схіламі, яны ўтвараюць шырокі разліў, які, на шчасце, можна пераадолець, пераскокваючы па камянях, што тырчаць з вады.  Перад тым, як фарсіраваць гэты разліў, спыніліся на адпачынак, на якім пад кіраўніцтвам фізорга зрабілі ранішнюю, калі яе можна яшчэ так назваць, зарадку. Сам фізорг здолеў выкраіць час на зарадку яшчэ перад выхадам на маршрут, таму кіраўніцтва сумяшчаў з прафілактычнай  прасушкай шкарпэтак.

“Ранішняя” зарадка

    Паколькі разліў быў шырокі, падчас яго пераходу вельмі дарэчы прыйшліся трэкінгавыя палкі. Таму што трымаць раўнавагу на камянях з важкімі заплечнікамі не так і проста. Прыкладна праз паўгадзіны ўзняліся на высокі лоб, што панаваў над мясцовасцю. На поўдні з замерзлага возера Kirkjetjonne ў наш бок спаўзаў язык ледавіка. У заходнім напрамку ад нас змяшчалася возера Panna, амаль палова якога была зацягнутая лёдам.

Трымаць раўнавагу на камянях з важкімі заплечнікамі не так і проста.

    Было вельмі прыгожа. Спыніліся, каб зрабіць і адправіць сябрам колькі фотаздымкаў на фоне ледавіка. Доўга любавацца краявідамі не выпадала – запланаваны маршрут быў напружаны, лішняга часу не было.

Доўга любавацца краявідамі не выпадала

    На абед спыніліся непадалёк ад возера Leirvatnet. Дзяўчаты хуценька нарэзалі, што бог даслаў. Бог даслаў па 40 грамаў сала  з цыбуляй і па 30 грамаў капчонай літоўскай каўбасы. Саня дастаў свае сухары, запакаваныя ў вялікі пакунак з-пад харчавання для хатняй жывёлы з надпісам на англійскай мове. Абед быў у самым разгары, калі побач з намі

Канец чэрвеня. Замерзлае возера Panna.

ізноў ланцужком прайшлі бабулькі. Мы прапанавалі ім далучыцца да нашага абеда, але бабулькі адмовілісь ці то з тае нагоды, што іх было вельмі шмат на наш сціплы абед, ці то ўбачыўшы пакунак для харчавання хатняй жывёлы.

Пікнік на ўзбочыне

    Пад’еўшы, па беразе возера Leirvatnet рушылі ў накірунку прытулка Gravdasvallen. Шлях да прытулку заняў амаль дзве гадзіны. Прытулак уяўляў з сябе тры вялікія аднапавярховыя пабудовы барачнага тыпу, да якіх падыходзіла аўтамабільная дарога. Па ўсім было відаць, што месца наведваемае.

    Спыніліся на адпачынак, адначасова разлічваючы нахаляву пакарыстацца Wi-Fi. Тут Наста прызналася, што дрэнна сябе адчувае – харчовае атручванне: галавакружэнне, ташната, слабасць. Першая дапамога ў такіх выпадках – прамыванне страўніка. Слабое супраціўленне Насты было хутка пераадолена, і пад кіраўніцтвам вопытнага інструктара выкананы ўсе неабходныя працэдуры. Калі змест страўніка Насты апынуўся на камяністай нарвежскай зямлі, яна адразу выкрыла ворага – капчоную літоўскую каўбаску. Тут вызначылась, што пасля абеда каўбаска ўспаміналась усім, акрамя Сані. З паўгадзінкі затрымалісь, каб паглядзець, што далей рабіць з Настай. Тым часам вырашылі, што дадзены від каўбасы (паўтары палкі!) надалей ужываць не будзем. Але Саня сказаў, што ніякіх адмоўных уздзеянняў з боку каўбасы яго арганізм не адчуў, таму ён будзе выкарыстоўваць яе як дадатковую крыніцу харчавання. Вольнаму воля – еш. Забягаючы наперад, скажам, што і Саня паеў яе яшчэ толькі адзін раз і адмовіўся – вельмі ж шмат рознай хіміі дадалі літоўцы!  

    Турысты! Купляйце беларускае! Беларускія прадукты – самыя якасныя прадукты ў свеце!    

    Разгрузілі Настассін заплечнік. Крыху адпачыўшы, пайшлі далей. Наста ісці магла, але адчувала сябе не вельмі добра. Кіламетры праз паўтара-два яна сама праявіла ініцыятыву і дабраахвотна паўторна прайшла чысцілішча. Ісці па камянях па сцяжыне ёй было цяжкавата, таму вырашылі нейкі час прайсці па дарозе, што праходзіла непадалёк у папутным напрамку. Дарога была насыпаная з адсева, і на ёй адзначаліся сляды аўтамабільных колаў. Якім жа было наша здзіўленне, калі дарога ўперлася ў снежную сценку! Відаць, узімку ў гэтым месцы сышла лавіна, і снег не здолеў растаяць аж да сярэдзіны лета!

Нечаканая перашкода на дарозе

    Пераадолелі гэтую снежную выспу. Далей сцяжына была чыстая. Насустрач нам праехалі некалькі роварыстаў. Па такой дарозе цудоўна катацца на ровары. Надвор’е стаяла прахладнае. Як і увесь час, дзьмуў вецер, над заснежанымі вяршынямі гор час ад часу разрываючы аблокі і паказваючы прывабны блакіт нарвежскага неба. Мы рухалісь у даліне ракі Storatla са скідам вышыні. Настасся павесялела. Калі ідзеш па дарозе, можна ісці не ў калону, а ў шэраг. Размаўляць так значна зручней. А паразмаўляць у такой цудоўнай кампаніі заўсёды ёсць аб чым!

    Пасля двух пераходаў паўстала надзённае пытанне пошуку пляцовачкі пад намёты. Пытанне заўсёды вырашалась няпроста, таму што месца стаянкі павінна адпавядаць некалькім патрабаванням:

– Месца павінна быць роўным, каб усю ноч камяні не мулялі спіны і астатнія часткі стомленых турысцкіх арганізмаў, і каб ніхто ўсю ноч не скатваўся куды-небудзь у яму.
– Месца павінна быць сухім.
– Побач павінна быць вада.
– Вельмі пажаданы зацішак ад ветра.
– Месца павінна быць прыгожым, і вельмі пажадана, каб было яно на беразе возера.

    Цяпер вы разумееце, што знайсці такое месца заўсёды было няпроста, асабліва ўлічваючы высокую эстэтычную ўзнёсласць Вольгі і заглыблены вульгарны прагматызм Лявона. Вольга абавязкова хацела спыніцца на беразе возера Gravdalsdammen, а Лявон прапаноўваў цудоўнае сухое, пакрытае мохам, прыкрытае ад ветру гарамі месцейка на ўзвышшы побач з ручаём. Рашэнне было прынятае на карысць Лявона толькі пасля таго, як высланая разведка высветліла, што бераг возера прыбалочаны. Гэта і ёсць сапраўдная дэмакратыя ў дзеянні!

    Саня – надзвычай крэатыўны і адказны чалавек. Яму належала накарміць групу вячэрай. У мэтах эканоміі газа мы практыкавалі варыць два ў адным: і суп, і кашу адначасова. Пабегаўшы па наваколлі, Саня натаскаў плоскіх каменных пліт, каб стварыць зацішак ад ветру і плоскую падстаўку для газавай гарэлеі, пасля чаго паставіў кацёл на гарэлку і сказаў: “Супакаша, варыся!” Супакаша атрымалась вельмі ўдалай!

    Заўтра ізноў ісці, глядзець сабе пад ногі і ў заплечнік сябра, што ідзе наперадзе. А пакуль можна пасядзець і, узняўшы галаву, палюбавацца навакольнымі краявідамі ў фарбах чэрвеньскага заходзячага сонейка.

Навакольныя краявіды ў фарбах чэрвеньскага заходзячага сонейка.

    Увечары неба вызвалілася ад хмар і аблокаў, і мы разлічвалі, што заўтра нас чакае добрае надвор’е.

30.06.2019

Дзень 6

Пахмурна

Дождж

Дождж

воз. Graudaisdammen – Lusahsugane - Skogadalsboen – Fleskenoshaugane – Vettismorki – вдп. Vettisfossen - Vetti Gard – р. Kolhaugsbekken – г. Gravdalsnosi

Пройдзеная адлегласць
15,9 км*1,2=19,08 км

Набор вышыні +339 м
Скід вышыні -835 м

Працягласць хадавога дня
9 гадзін 01 хвіліна

Трэк шостага хадавога дня на тапаграфічнай мапе (чырвоная лінія)

Трэк, перапад вышынь  і хуткасць руху па маршруце шостага хадавога дня на мапе Google Earth (блакітная лінія)

    На мяккай махавой посцілцы спалася цудоўна. Не перашкаджалі ўжо і белыя ночы. Хаця, праўду кажучы, яны нейк вельмі хутка сталі пераўтварацца ў звычайныя чорныя. А ішоў толькі шосты дзень нашай вандроўкі.

    Надзеям спраўдзіцца не давялось. Чыстае блакітнае неба засталося ва ўчарашнім дні. А ў нашу лагчыну паміж двума хрыбтамі з самай раніцы запаўзла хмара. Назіраць за ёй таксама было цікава, тым болей, што ў паўсядзённым жыцці хмары не завітваюць да нас у госці. Ды і выпраўляючысь у вандроўку мы ведалі, што ідзем не на Маямі-біч. Радавала тое, што хмары высокія, і няма дажджу.

У нашу лагчыну паміж двума хрыбтамі з самай раніцы запаўзла хмара

    Паснедаўшы, звярнулі лагер і ў добрым гуморы выйшлі на маршрут. Сёння мы павінны былі скінуць вышыню і з голага камення выйсці ў зялёную зону. Прайшлі ўздоўж возера Graudaisdammen і выйшлі на цікавае манументальнае гідратэхнічнае збудаванне - шлюз на вытоке з возера.   Пад’язных дарог да шлюза не было. Такое адчуванне, што будаўнічыя матэр’ялы для плаціны падвозілі па паветры верталётамі.

Плаціна на возеры Graudaisdammen

    Крутых спускаў не было, і вельмі прыемна беглася па добра набітай сцяжыне. Пачаліся першыя кусцікі. Гэта таксама вельмі прыемная падзея пасля пяці дзён камення і снега. Прыпыніліся на адпачынак, калі пачало накрапваць. Агульнае становішча на небе было даволі дынамічным і не давала падставы лічыць, што дождж будзе зацяжным. Таму, апрануўшы папярэдне дажджавую вопратку, вырашылі перачакаць дождж, прыкрыўшысь поліэтыленавай плёнкай. Дождж між тым набраў моц і ішоў ужо хвілін сорак, пераўтварыўшы сцяжыну ў сплашную лужыну.
    Менавіта па гэтай лужыне паўз нас прайшоў ланцужок турыстаў. Гэта былі ўжо добра вядомая нам група бабулек. Яны ішлі, не зважаючы на дождж, хлюпаючы чаравікамі па лужыне сцежкі. У некаторых для віду былі парасоны, але было бачна, што карысці ад іх ніякай. Наскрозь прамоклыя штаніны папрыліпалі да ног, але гэта не ўплывала на настрой бабулек. Выглядваючы з-пад свайго поліэтылену на бабулек, мы пачалі здагадвацца, што чагосьці не ведаем і робім нешта не тое. Магчыма, гэта звычайнае нарвежскае надвор’е, і хавацца бессэнсоўна. Разважаючы, мы ўсё ж дачакалісь, пакуль дождж перастаў так часта і моцна малаціць па поліэтылене.

Па сцяжыне-лужыне паўз нас прайшоў ланцужок турыстаў

    На некалькі хвілін да нас нават зазірнула сонейка, падараваўшы надзею. Мы ўскінулі заплечнікі і памкнуліся наўздагон бабулькам. Няёмка было целяпацца ў іх у хвасце. Сцяжына сваечасова перайшла на левы араграфічна бераг ракі Storutla, таму што ніжэй рака набірала моц, і перайсці яе было б ужо немагчыма.

    Сцяжына зрабіла паварот на поўдзень. У гэтым месцы рака Storutla  зліваецца яшчэ з двума рэкамі, утвараючы раку Utla. Далей па ходзе рака Utla ўвесь час равела з правага боку ад нас. Мы павольна скідвалі вышыню, а рака скідвала яе значна хутчэй, таму даволі хутка яна равела ўжо далёка ўнізе ў каньёне. Дождж то набіраў моц, то сцішваўся. Мы ўжо прызвычаілісь і моцна не зважалі на яго. Калі ў чарговы раз дожджык сцішыўся, спынілісь на абед паміж гнутых паўночных бярозак і рабінак, на якіх толькі-толькі распусціліся белыя гронкі кветак. Калі ж яны паспеюць пераўтварыцца ў ягады і пачырванець?

    З навакольных гор у рэчку імкнулася процьма рэчак і ручаёў. Здавалася, вада цячэ па ўсёй паверхні гор, пакрытых снежнымі шапкамі і акутаных аблокамі. Прайшоўшы на поўдзень кіламетры тры, адзначылі, што сцяжына набыла больш цывілізаваны выгляд: на прыбалочаных мясцінах ляжаць плоскія камяні. Відаць, што тут сцяжыну добраўпарадкавалі. Усё стала зразумела, калі неўзабаве выйшлі да прытулка Skogadalsboen.

    Прытулак сустрэў нас прывітальным надпісам “WELKOME” на драўляным шчытку. Мы былі ўдзячны людзям, якія хацелі нам, прамоклым і галодным, даць прытулак. Халяўнага Wi-Fi ля прытулка не было Затое на падворку на спецыяльна зробленай папярэчыне вісеў вялікі бязмен, на якім вандроўнік мог узважыць свій заплечнік. Відаць, было разлічана на тое, што даведаўшысь, якую вагу кожны з нас таскае ўжо амаль тыдзень, мы пашкадуем сябе і ўсё ж-такі спынімся на начлег. Але зрабіўшы колькі фотак, адпачыўшы на лавах на падворку і пакінуўшы смецце, што насілі з сабой, мы рушылі далей.

Неўзабаве выйшлі да прытулка Skogadalsbo      

    Было яшчэ даволі рана, і някепска было б за рэшту дня прайсці яшчэ кіламетраў пяць. Але карта падказвала, што адзінае месца, дзе можна будзе паставіць намёты на нач – перасячэнне сцяжыны з рэчкай Skogadola. Далей сцяжына траверсам ідзе па крутым схіле, і там на працягу кіламетраў дзесяці намёты не паставіш.

    Падыйшоўшы да рэчкі даволі доўга шукалі месцы пад намёты. Побач іх паставіць не атрымалась. Адну пляцовачку пад намёт атрымалась знайсці на адным баку рэчкі, другі – проста на сцежцы на другім беразе ракі. Адлегласць паміж намётамі была метраў сто. Берагі рэчкі злучалісь дабротным мастком. Кухню засна-валі за вялізным камянём, які забяспечваў зацішак ад ветра. І вось у гэтым кухонным зацішку Настасся павінна была прыгатаваць нам на вячэру свой сюрпрыз.

Намёт паставілі проста на сцежку за мастом

   

    Гэта быў Сюрпры-ы-ы-з! Наста дастала з заплечніка тры паўлітровыя бляшаныя банкі з Nudel-suppe, прывезеныя з Нямеччыны! І калі кіраўнік даведаўся, што Nudel-suppe – гэта суп са шчаўём, яго ледзь не хапіў Кандрацій! У той час, як ішло змаганне за кожны грам вагі, удзельнікі дазваляюць сабе браць паўтара кілагарама (!) Nudel-suppe! Такога, прабачце, nudel ў гісторыі айчынага турызма яшчэ не было! І кіраўнік паабяцаў, што наступным разам перад вандроўкай  заплечнікі пройдуць такі мытны кантроль, праз які ні адзін сюрпрыз, хай ён дзесяць разоў будзе  Nudel-suppe, у вандроўку не прарвецца!

     Мы ўжо прайшлі амаль палову маршрута, а выкарыстаць спінінг так яшчэ ні разу і не давялося. А між тым вельмі хацелася злавіць хоць якую нарвежскую рыбіну. Таму, улічваючы, што на начлег сталі раней, Лявон і Вольга вырашылі спусціцца да ракі і крыху павудзіць. Рака была далёка ўнізе. Па вышыні да яе было метраў 400-500, але гэта не палохала аматараў рыбалкі, тым болей, што на мапе якраз у гэтым месцы была намаляваная сцяжына, што спускаецца да ракі. Падсілкаваўшысь сюрпрызам, рыбакі сталі на сцяжыну і хуценька рушылі ўніз. Спачатку сцяжына была добра прыкметнай і ішла па такім ўжо балоце! Потым пачала крута спускацца і пасля метраў ста пяцідзесяці па вышыні ўвогуле знікла  ў зарасцях на крутым схіле. Спробы ўсёж-такі знайсці яе вынікаў не далі. Прыйшлося вяртацца без фарэлі. 

    Дождж нібыта скончыўся. Спаласнуўшы мокрую вопратку, Лявон вывесіў яе на прасушку.

  • – А што, ўначы бялізна высахне? – запыталася Наста.
  • – Горш не будзе! Не высахне, дык хоць ветрам правеецца! – адказаў Лявон.

    Узрадаваная Наста таксама развесіла па кустах сваю вопратку. І не паспелі яшчэ як след ўладкавацца ў спальных мяхах, калі лупануў дождж. Не спыняючысь, ён ішоў да самага ранка. Ды і раніцой таксама!

  • – Ну што, горш не стала? – здзекваўся з Насты Саня.

 

01.07.2019

Дзень 7

Пахмурна, дождж

Пахмурна, дождж

Пахмурна, дождж

p. Skogadola – Vettismorki – вдп. Vettisfossen – прытулак Vetti Gard

Пройдзеная адлегласць
13,3км*1,2=19,15 км

Набор вышыні +773 м
Скід вышыні --1221 м

Працягласць хадавога дня
8 гадзін 13 хвілін

Трэк, перапад вышынь  і хуткасць руху па маршруце сёмага хадавога дня на мапе Google Earth (блакітная лінія)

Трэк сёмага хадавога дня на тапаграфічнай мапе (чырвоная лінія)

    Ранак сёмага дня дазволіў адносна па-сухому прыгатаваць сняданак і паснедаць. Размовы пра тое, каб сушыць намёты не было. Хто як абаранілісь ад дажджу і, хлюпаючы чаравікамі па лужынах, выйшлі на маршрут. Вяршыні і схілы навакольных гор хаваліся ў аблоках, хаця бачнасць увогуле была някепскай. То больш, то меньш імжыў дождж, увесь час дзьмуў вецер сярэдняй моцы. Першую траціну дзённага перахода ішлі з наборам вышыні, а далей вышыню толькі скідалі.

    Калі ўжо пачалі скідваць вышыню, Алена шапнула кіраўніку, які ішоў наперадзе, што Паша кульгае так, што нельга без жалю глядзець на гэта. Неадкладна спынілісь. Пачалі высвятляць, што здарылась. На паліграфе Паша даў наступныя паказанні. Падчас адной з апошніх зарадак фізорг Саня раскрытыкаваў яго за недасканаласць выканання практыкаванняў. Паша – чалавек стараны, таму пачаў рабіць усё з глыбінёй і амплітудай, якую патрабаваў фізорг. У выніку ў назе нешта хруснула і цяпер яна моцна баліць пры хадзе. Прыйшлося шукаць зацішак ад ветра, бінтаваць Пашкаву нагу эластычным бінтам і разгружаць яго заплечнік на карысць фізорга, каб надалей не лютаваў.

    Першая траціна дзённага перахода ішла па голых гарах, пасля чаго ізноў увайшлі ў зялёную зону. Што ні кажы, а сярод кустоў і дрэў не толькі цяплей і зацішней ад  ветру, але нават воку радасней! На пады-ходзе да Vettismorki праходзілі праз верхавое балота незвычайнай прыгажосці! На балоце сцяжына была вымашчана расколатымі надвая плахамі, напалову прытопленымі вадой. Ісці па такой сцяжыне і прыемна, і цікава. Паабапал сцяжыны ў балоце цвіце марошка. Плахі ляжаць пад нахілам, да таго ж яны мокрыя і слізкія. Наста  ужо такія акрабатычныя эцюды выпісвала на іх! У кустах ля сцяжыны на ўскрайку балота знайшлі некалькі малодзенькіх падасінавікаў, бліжэй да Vettismorki – яшчэ колькі большых памераў.

Што такое Vettismorki, мы так і не ўсведамілі. Можа, гэта нешта накшталт нашых садовых таварыстваў з нарвежскімі асаблівасцямі. Нам вельмі дзіўна было назіраць невялікую вёсачку з прыземістых, пакрытых здзірванелым мохам хлеўчукоў. Сцяжына на мапе прывяла нас да доміка, які вызначаўся сярод астатніх значна больш прыстойным выглядам. Па ўсім відаць, гэта прытулак для турыстаў. Паколькі ішоў дожджык, мы спадзяваліся паабедаць у прытулку. Але ніхто нас там не чакаў. Дзверы былі зачыненыя на замок. Вырашылі абедаць пад дахам на невялічкім дашчаным ганку.

 

Працяг. Дні 8-10  >>>>>

<<<< Вярнуцца ў пачатак