Вушатая сава - птушка 2015 года ў Беларусі !У Беларусі "Птушкай года-2015" абралі вушатую саву.
Вушатая сава стала "пераможцам" сярод іншых кандыдатаў: сіняй сініцы, цецярука і баталёна. Галасаваць за гэтыя віды птушак мелі магчымасць усе жыхары нашай краіны на сайце грамадзкай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ).
Вушатая сава — птушка 2015 года! Фота — Zoltán Gyori
Што прынясе на сваіх крылах сава вушатая?
Сумесна з Нацбанкам і Белпоштай плануецца традыцыйны выпуск манеты і маркі з выявай Птушкі года. З практычнага — у кожнага жадаючага будзе магчымасць паспрабаваць сваю моц у будоўлі штучных гняздоўяў для вушатай савы падчас летнікаў і майстар-класаў.
На працягу года АПБ у сацыяльных сетках будзе праводзіць адмысловыя віктарыны пра саву. Для самых маленькіх удзельнікаў кампаніі яна арганізуе конкурсы малюнкаў, фотаконкурс вырабаў з прыродных матэрыялаў, вершаў-чатырохрадкоўяў і іншыя цікавосткі!
Сябры клуба АПБ "Рэдкая птушка" патрапяць на сапраўдную савіную экскурсію.
З прыродаахоўных мерапрыемстваў: адбудзецца пошук месцаў гнездавання вушатай савы, вывешванне штучных гняздоўяў.
Рыхтуецца шэраг інфармацыйных матэрыялаў, якія датычацца гэтай птушкі.
Гэта толькі частка таго, што АПБ збірается ажыццявіць у межах кампаніі. Сачыце за абвесткамі!
Даведка: Нацыянальную кампанію "Птушка года" АПБ праводзіць з 2000 года. Яе галоўная мэта — прыцягнуць увагу насельнiцтва да хараства прыроды і птушак, што жывуць вакол нас, неабходнасці іх захавання. У мінулыя гады птушкамі года абіраліся белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, зязюля.
Крыніца: Сайт грамадзкай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" >>>>>
| ||