Удод - птушка года 2013
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) абрала птушыным сімвалам 2013 года ў Беларусі адну з нашых найбольш яскравых птушак – удода. У рамках кампаніі «Удод – птушка 2013 года» будзе арганізаваны шэраг конкурсаў і мерапрыемстваў, мэтай якіх будзе не толькі прыцягнуць увагу да праблемаў гэтага віду, але і змяніць ягоны адмоўны «імідж».
Нацыянальная кампанія «Птушка года» праводзіцца АПБ з 2000 г. Мэта кампанii – прыцягнуць увагу насельнiцтва да хараства прыроды і птушак, што жывуць вакол нас. У мінулых гадах птушкамі года станавіліся белы бусел, белая пліска, авяльга, дамовы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль.
Няглездячы на невялікі памер, візуальна ён здаецца нашмат буйнейшым, асабліва ў палёце. Яго апярэнне і звычкі настолькі унікальныя, што пераблытаць удода з іншым відам проста немагчыма.
Удод – птушка дзённая, актыўнасць пачынае з першых прамянёў сонца і да самага позняга вечару. На працягу дня вышуквае сабе здабычу – розных казурак, якіх удод збірае на зямлі.
Колькасць удодаў у Беларусі невысокая, і не перавышае 20 тысяч пар. У якасці месца пражывання перавагу аддае даволі адкрытай прасторы: лугам, узлескам, але можа гняздзіцца і ў блізкім суседстве з чалавекам: у сценах будынкаў, у будаўнічым смецці. Сустракаюцца гнёдзы удода і ў пясчаных насыпах, у карэнні дрэў і нават у высахлых шкілетах жывёл.
Існуе шэраг праблемаў, якія датычацца ўдода і патрабуюць вырашэння. У прыватнасці, дагэтуль невядомы арэал распаўсюджвання ўдода і колькасць гэтага віда ў Беларусі. Акрамя таго, удод, як і іншыя птушкі, якія селяцца ў дуплах, часта сутыкаецца з недахопам месцаў для гнездавання.
У сувязі з існымі праблемамі ў 2013 годзе АПБ плануе правесці біятэхнічныя мерапрыемствы па вырабе і размяшчэнні штучных гнёздаў для ўдода. Плануецца таксама правесці ўлік гэтага віда ў рэгіёнах Беларусі. Таксама будуць праводзіцца традыцыйныя конкурсы – конкурсы малюнкаў і казак для дзяцей.
10 цiкавых фактаў пра ўдода
1. Удоды – прыкметныя птушкі і ігралі вялікую культуралагічную ролю ў сваім арэале. Яны лічыліся святымі птушкамі ў Старажытным Егіпце, былі намаляваны на сценах пірамідаў і храмаў. Згадваліся ў святых пісаннях — Бібліі і Каране.
2. У 2008 годзе ўдод быў абраны нацыянальнай птушкай Ізраіля, больш за 35% прагаласаваўшых выказаліся ў карысць гэтай птушкі, пакінуўшы далёка ззаду слаўку, шчагла, караткапалага пеўчага дразда і некаторых іншых птушак.
3. Распаўсюджанай назвай удода ў Польшчы і заходніх рэгіёнах Беларусі была «дудэк». Ад гэтай назвы ўдода паходзіць шмат распаўсюджаных прозвішчаў, у тым ліку, магчыма, «Дудко» ў Беларусі і «Дудек» у Польшчы. Штогод у Польшчы праводзіцца злёт людзей з «удодавымі» прозвішчамі.
4. Удод намаляваны на гербах гарадоў, манетах і марках у розных краінах свету.
5. Беларусь насяляе не больш 20 тысяч пар удодаў. Колькасць іх скарачаецца як у Еўропе, так і ў нашай краіне.Асноўныя пагрозы – інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі, узбуйненне палёў і трансфармацыя стылю сельскай забудовы.
6. Дыета ўдода ўключае многа відаў, якія людзі лічаць шкоднікамі сельскагаспадарчых і лясных культур. З гэтай нагоды від лічыцца жаданым насельнікам палёў і лясоў і ахоўваецца законам у вялікай колькасці краін.
7. Злавiўшы жукоў з моцным панцырам, удод б'е іх аб зямлю, камень ці іншую цвёрдую паверхню, каб пазбавіць здабычу панцыра. Таксама птушка можа есці жаб, яшчарак, і нават змей.
8. Удоды — манагамныя птушкі.
9. Выседжвае гняздо толькі самка, а самец забяспечвае яе кормам.
10. Голас удода глухі, трохскладовы «упупуп», які паўтараецца кожныя дзве-тры секунды (ад 24 да 30 разоў у хвіліну). З-за сваёй песні удод на многіх мовах, у тым ліку лаціне, атрымаў аніматапічныя назвы — Hoopoo (анг.), Upupa (лат).
| ||