Птушкай года 2019 ў Беларусі абвешчаны вялікі арлецКожны год грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) выбірае птушку года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі, іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць.
Птушкай года 2019 ў Беларусі абвешчаны вялікі арлец (рус. - большой подорлик).
Вялікі арлец – адна з самых рэдкіх драпежных птушак Еўропы, ёй пагражае глабальнае знікненне. Адна з найбольшых яе папуляцый у свеце гняздуецца ў Беларусі. 120-150 пар гэтых птушак жыве ў нашых лясах – гэта больш, чым ва ўсім Еўрасаюзе.
Гэтыя арляцы любяць глухія мясціны на балотах і ля балот, вельмі баяцца турбавання чалавекам.
"Вялікаму арляцу пагражае шмат фактараў: знікненне нізінных балот — галоўных месцаў пражывання гэтай птушкі, турбаванне з боку чалавека ў гнездавы перыяд: калі нехта ў гэты час будзе хадзіць пад гняздом, вялікі арлец яго пакіне. Будаўніцтва дарог на Альманскіх балотах, збор ягад на гнездавых участках — гэта ўсё негатыўныя фактары. Таксама пагрозу нясе памяншэнне разнастайнасці відаў ахвяр у месцах палявання арляца — кулікоў, пастушковых, качак. Гэта агульная тэндэнцыя па ўсім Палессі" - адзначыў каардынатар праекта па ахове вялікага арляца Валерый Дамброўскі.
Для таго, каб захаваць папуляцыю вялікага арляца ў Беларусі, АПБ ужо некалькі гадоў праводзіць акцыю “Выратуй арляня!”, грошы на якую сабіралі краўдфандынгам. Штогод пасля лістапада валанцёры АПБ бяруць удзел у пошуках гнёзд на новых гнездавых участках.
Вялікія арляцы ўжо адляцелі на поўдзень. Летась спецыялісты АПБ прымацавалі перадатчыкі на 8 арляцоў. За іх міграцыяй і перамяшчэннямі на зімоўцы ў Грэцыі і Афрыцы можна сачыць на мапе http://ptushki.org/eagle
Увесь наступны год будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя вялікаму арляцу, да якіх змогуць далучыцца дарослыя і дзеці.
Нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 года. Галоўная яе мэта — прыцягнуць увагу насельніцтва да хараства прыроды і птушак, якія жывуць вакол нас нас, неабходнасці іх захавання. Мерапрыемствы праходзяць увесь год і даюць магчымасць паўдзельнічаць у акцыях вялікай колькасці чалавек рознага ўзросту, паспрабаваць свае сілы не толькі ў творчых конкурсах, але і ў прыродаахоўных мерапрыемствах. «Гераінямі» года ўжо станавіліся птушкі: белы бусел, белая сітаўка, івалга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая няясыць, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэры гусь, пустальга звычайная, вялікі краншнэп, чорны свіргуль, удод, зязюля, вушастая сава, гогаль, жаўрук-смяцюх, чорнагаловы шчыгел
| ||