Ляляк – птушка 2021 года ў Беларусі!Сустракайце птушку 2021 году! На зьмену ГЛУШЦУ - птушцы году 2020, ляціць ЛЯЛЯК !
Звычайны ЛЯЛЯК (па-рускі: "Козодой обыкновенный") – адзіны прадстаўнік атраду лялякападобных у Беларусі. А ўсяго ў свеце — каля 120 відаў з гэтага атраду.
Фота Мікалая Вараб’я
ЛЯЛЯК - памерам з голуба, з даўжэйшымі крыламі і хвастом. Даўжыня цела да 29 см, размах крылаў да 64 см. Вага не перавышае 100 г. Убачыць ЛЕЛЯКА ў дзікай прыродзе — вялікая ўдача, і не толькі таму, што ён актыўны толькі ў прыцемках і ноччу. Гэтая птушка — майстар маскіроўкі, яго апярэнне практычна зьліваецца з колерам лясной падсьцілкі ці кары дрэва. Прыжмурыўшы свае вялікія вочы, птушка становіцца днём незаўважнай як для чалавека, так і для птушак-драпежнікаў. Кароткія кіпцюры не прыстасаваныя для абхоплівання галін, і ЛЯЛЯК, напэўна, адзіны від птушак у нас, які сядае ўздоўж галіны!
Фота Валера Дамброўскага
ЛЯЛЯК мае ўнікальную дзюбу. Закрытай яна выглядае вельмі маленькаю. Але варта птушцы адкрыць яе, як мы ўбачым незвычайна шырокі рот. Разам з раснічастым пер’ем па краях дзюбы, гэта не толькі выдатнае прыстасаванне для лоўлі на ляту жукоў і начных матылькоў, але сродак запалохвання ворагаў. ЛЯЛЯК не турбуе сябе будаўніцтвам гнязда. Кладку з двух яек самка робіць адразу на лясной падсцілцы, часцей за ўсё ў сасновым лесе. Пра прысутнасць ЛЕЛЯКА можна даведацца па яго працяглай манатоннай трэлі, якая нагадвае тарахценне матацыкла. На зімоўку ў верасні нашыя ЛЕЛЯКІ адлятаюць у Паўднёвую Афрыку, а вяртаюцца толькі ў канцы красавіка.
Нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 года. Галоўная яе мэта — прыцягнуць увагу насельніцтва да хараства прыроды і птушак, якія жывуць вакол нас нас, неабходнасці іх захавання. Мерапрыемствы праходзяць увесь год і даюць магчымасць паўдзельнічаць у акцыях вялікай колькасці чалавек рознага ўзросту, паспрабаваць свае сілы не толькі ў творчых конкурсах, але і ў прыродаахоўных мерапрыемствах. У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі птушкі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, зязюля, вушастая сава, гогаль, жаўрук-смяцюх, чорнагаловы шчыгел, вялікі арлец, глушэц. Паводле прэс-рэліза
| ||