Контакты
Погода

Гогаль - птушка 2016 года !

Птушкай 2016 года ў Беларусі абраны гогаль. Рашэнне было прынята на з’ездзе грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Гогаль звычайны — чорна-белая качка — не так вядомы ў нашай краіне, як яго папярэдніца — вушастая сава, але гэта не менш прыгожы і цікавы від птушак.

 

 

Пра гэта паведамілі ў АПБ. «Гэта птушка не гняздуецца на зямлі, як большасць «калег» з сям'і качыных, а займае дуплы старых дрэў. На многіх тэрыторыях уздоўж азёр і рэк засталося мала старых дуплаватых дрэў і птушкі не могуць знайсці прыдатнага месца для гнязда. Вырашыць праблему могуць біятэхнічныя мерапрыемствы: пабудаваць «дупло» можа любы чалавек. Мы раскажам, як пабудаваць домік для гогаля, правядзём майстар-класы для жадаючых, і разам будзем вырашаць «кватэрнае пытанне» птушкі. Асобную ўвагу ўдзелім веснавому і асенняму паляванню на гэтых вадаплаўных: гогаль не з'яўляецца паляўнічым відам, але часта церпіць з-за недасведчанасці паляўнічых».

 

 

Птушцы 2016 года будзе прысвечаны шэраг мерапрыемстваў: качка з'явіцца на плакатах у метро, а таксама стане галоўным героем графіці на адным з дамоў Мінска. Летам у Беларусі пройдзе конкурс малюнкаў на асфальце. Сумесна з Нацыянальным банкам Беларусі і РУП «Белпошта» плануецца традыцыйны выпуск манеты і маркі з выявай птушкі года. Самых маленькіх аматараў птушак чакаюць конкурсы малюнкаў.

«Гогаль не настолькі вядомы, як яго папярэдніца — вушатая сава, таму наша першая задача - пазнаёміць людзей з гэтай птушкай. Мы падрыхтуем прэзентацыю пра гогаля, якую любы зможа скачаць на нашым сайце. Многія гогалі зімуюць у Беларусі, таму праводзіць экскурсіі і ўбачыць птушку 2016 года на ўласныя вочы можна будзе круглы год», — растлумачылі ў арганізацыі.

 

 

Цікавыя факты пра гогаля
 
  • Звычайны гогаль — адзін з 15 відаў качак, якія гняздуюць у Беларусі.
  • Увесну гогалі аднымі з першых спяшаюцца ў Беларусь з зімовак у Заходняй Еўропе. Некаторыя асобіны застаюцца на зіму і ў нашай краіне: пагуляйце ўздоўж вадаёмаў, што не замярзаюць!
  • З лютага самцы пачынаюць такаваць — выконваць адмысловы «танец», які прыцягвае самак. Качар распускае хвост, закідае галаву, «бразгоча» голасам і падымае вакол сябе фантан пырскаў. Гэта трэба ўбачыць хоць бы раз у жыцці!
  • Гогаль — качка, якая гняздуецца ў дуплах дрэў. Домам для іх становяцца і спецыяльныя гнездавыя скрыні (гагалятнікі), якія чалавек можа развесіць недалёка ад вады. Менавіта дзякуючы гагалятнікам гэтая птушка вырашыла «кватэрнае пытанне», павялічыла колькасць у Беларусі і ў 2004 годзе пакінула Чырвоную кнігу.
  • Качаняты выскокваюць з дупла на кліч маці. Першы выхад у вялікі свет можа пачынацца з 15-метровага скачка! Птушаняты не ўмеюць лётаць і проста «парашутуюць», растапырыўшы крылы і перапонкі на лапах.
  • Гогаль сілкуецца воднымі насякомымі, ракападобнымі і малюскамі. Ежу здабывае з дна на глыбіні да 10 метраў.
  • Селіцца на сажалках і рэках, каля якіх ёсць старыя лясы. Можа жыць на азёрах сярод махавых балот, дзе слабая кармавая база і іншых качак не сустрэнеш.
  • Гогаля ў палёце можна вызначыць нават з заплюшчынымі вачыма: у іх па-асабліваму «свішчуць» крылы.
  • Самы стары гогаль, паводле дадзеных кальцавання, пражыў 16 гадоў і 11 месяцаў.

 

 

Нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 года. Галоўная яе мэта — прыцягнуць увагу насельніцтва да хараства прыроды і птушак, якія жывуць вакол нас нас, неабходнасці іх захавання. Мерапрыемствы праходзяць увесь год і даюць магчымасць паўдзельнічаць у акцыях вялікай колькасці чалавек рознага ўзросту, паспрабаваць свае сілы не толькі ў творчых конкурсах, але і ў прыродаахоўных мерапрыемствах. «Гераінямі» года ўжо станавіліся птушкі: белы бусел, белая сітаўка, івалга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая няясыць, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэры гусь, пустальга звычайная, вялікі краншнэп, чорны свіргуль, удод, зязюля, вушастая сава.

 

 

 

Дата: 03.12.2015