Контакты
Погода

Глушэц абраны птушкай 2020 года

Кожны год грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) выбірае птушку года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі, іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць.

Птушкай 2020 года абраны  Глушэц.   Сустракайце глушца!

 

 

Глушэц — гняздуючы аселы від з атраду курападобныя. Распаўсюджаны вельмі нераўнамерна па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але часцей сустракаецца ў паўночных раёнах і на ўсходзе. Старыя ацэнкі колькасці 8000 — 9000 асобін. Гэта таёжны, паўночны від і ў сувязі са зменай клімату ён паступова паўсюль па Беларусі знікае. Асабліва катастрафічнае становішча цяпер на захадзе і поўдні краіны – у Белавежскай пушчы сто гадоў назад жылі сотні глушцоў, а цяпер ён тут амаль знік.

У Беларусі жывуць два падвіды глушца: заходнееўрапейскі і сярэднярускі. У песні заходнееўрапейскага падвіду ёсць характэрны элемент «корак» (“пробка”), таксама чорнае бруха амаль не мае белых плям, і ён больш буйны, чым усходняя раса. На жаль, колькасць заходнееўрапейскага падвіду нізкая: не перавышае 500 асобін.

У Беларусі на глушцоў дазволена паляванне. Паляўнічыя і далі калісьці назву птушцы – падчас вясенней песні глушэц нічога не чуе і дае магчымасць людзям падысці на адлегласць трапнага стрэлу.

Самец глушца памерам з хатняга індыка і лёгка адрозніваецца ад іншых курыных буйнымі памерамі. Самцы добра адрозніваюцца ад самак бліскучай чорна-зялёнай расфарбоўкай. Самка меншага памеру і афарбаваная пад колер лісцяў і зямлі. Такая афарбоўка асабліва патрэбная ёй для маскіроўкі падчас наседжвання яек.

Глушэц – патрыёт, амаль усё жыццё можа пражыць у адным лесе. Гэтыя птушкі жывуць і гняздуюцца ў хвойных лясах паблізу мохавых балотаў. Увесну і ўлетку глушэц есць парасткі, кветкі, пупышкі, лісце, лясныя ягады, насенне і насякомых. Увосень птушкі кормяцца лісцем асін, ягадамі журавін, зімой — хваёвай ігліцай, пупышкамі. Птушанятам патрэбен бялок, таму ядуць у асноўным казурак і павукоў.

Як кажа спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы: “У большасці месцаў рассялення ў нас глушэц — рэдкі від. Галоўныя пагрозы яму — знікненне месцаў пражывання праз высечкі лесу на месцах такавання птушак, падсочка (здабыча) жывіцы на таках і каля іх, турбаванне ў гнездавы перыяд, паляванне на самцоў на невялікіх такавішчах, прэсінг з боку драпежнікаў (у тым ліку інтрадукаванага янотападобнага сабакі) і канкурэнцыя капытных жывёл”.

 

Нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 года. Галоўная яе мэта — прыцягнуць увагу насельніцтва да хараства прыроды і птушак, якія жывуць вакол нас нас, неабходнасці іх захавання. Мерапрыемствы праходзяць увесь год і даюць магчымасць паўдзельнічаць у акцыях вялікай колькасці чалавек рознага ўзросту, паспрабаваць свае сілы не толькі ў творчых конкурсах, але і ў прыродаахоўных мерапрыемствах. «Гераінямі» года ўжо станавіліся птушкі: белы бусел, белая сітаўка, івалга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая няясыць, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэры гусь, пустальга звычайная, вялікі краншнэп, чорны свіргульудодзязюлявушастая сава, гогальжаўрук-смяцюхчорнагаловы шчыгел, вялікі арлец.

 

 

Дата: 03.09.2019