Контакты
Погода

На веласіпедах па Германіі праехалі турысты маладзечанскага клубу "Пілігрым"

За 16 дзён падарожжа па Германіі турысты з клуба «Пілігрым» праехалі 820 кіламетраў. Яны пакаштавалі напітак апфельшорле,  пабывалі на нудысцкім пляжы і нават пакінулі рарытэтны веласіпед у адным са спартыўных магазінаў. 

 

Майстар спорту па турызме Сяргей Семянюк шосты год запар праводзіць свой дзень нараджэння ў велапаходзе – такі прыемны падарунак ён робіць самому сабе. У мінулыя гады ў ліпені разам з сябрамі падарожнічаў па Чэхіі, Аўстрыі, Cлавакіі, Шатландыі, летась скалясілі ўсё балтыйскае ўзбярэжжа Польшчы. А сёлета вырашылі прадоўжыць тур па Балтыцы і накіраваліся ў Германію. Як і ў мінулых вандроўках, Сяргей быў кіраўніком групы. Разам з ім адправіўся ў падарожжа сын Аляксандр, які ўзяў на сябе клопаты па арганізацыі культурнай праграмы, а таксама маладзечанец Аляксей Сыракваш, мінчане Аляксандр Няхайчык, Вікторыя Мацюшына і Браніслава Грэская.
 
 
Білеты, начлег
 
Усе білеты вопытныя турысты заказвалі праз інтэрнэт, выбіраючы бюджэтныя варыянты. Ад Брэста да польскага партовага горада Свінавусце даехалі па чыгунцы, у абодва бакі заплацілі 60 долараў. Адтуль іх шлях пралёг у Германію. З надвор’ем пашанцавала: было вельмі цёпла. Аднак у зоне адпачынку ўсе пляжы платныя (2-2,5 еўра), на неабсталяваных «дзікіх» за ўваход плаціць не трэба, але іх наведваюць адны нудысты. Для немцаў гэта абсалютна нармальна, у іх і лазні агульныя. Але беларусы не адважыліся развітацца з купальнымі касцюмамі…
 
 
Большасць кемпінгаў, у якіх спыняліся на начлег, таксама браніравалі. Цана на аднаго чалавека – ад 7 да 11 еўра за суткі. Душ, пральная машына, кухня – за дадатковую плату. Да вады і электрычнасці немцы ставяцца вельмі ашчадна, у іх усё на чыпах, лішняя кропля не выцеча. Мясцовае насельніцтва ставілася да нашых турыстаў вельмі добразычліва. Так атрымалася, што адзін кемпінг на карце пазначаны, а на самай справе яго няма. У гэтай няпростай сітуацыі прыйшоў на дапамогу нямецкі гаспадар, які дамовіўся са знаёмымі, каб беларускія падарожнікі паставілі палаткі на тэрыторыі мясцовага яхт-клуба, сам сеў на веласіпед і суправаджаў да месца. Снеданні і вячэры вандроўнікі гатавалі самі, абедалі ў кафэ, каштавалі стравы нацыянальнай кухні – розныя каўбаскі, якімі славіцца Германія, халодную бульбяную салату, вельмі смачную выпечку, піва, часцей безалкагольнае. Спадабаўся ім напітак апфельшорле — яблычны сок з газіраванай мінеральнай вадой, які добра праганяе смагу. У цэлым падарожжа кожнаму ўдзельніку абышлося ў 420 еўра.
 
 
Прыгоды, сустрэчы…
 
Расказвае кіраўнік і аб тым, што здараліся ў іх і непрадбачаныя сітуацыі. Калі з трыма праколамі колаў яны, вопытныя турысты, справіліся без праблем, то пасля сур’ёзнай паломкі веласіпеда Сяргею давялося памяняць свой «горнік». Праўда, ён быў амаль што рарытэтны, 1988 года выпуску, зроблены ў Харкаве. Шмат краін аб’ездзіў на ім гаспадар, шкада было расставацца са сваім сябрам. Пакінуў яго ў спартыўным магазіне, дзе набыў новы веласіпед. Хочацца спадзявацца, гаспадар магазіна знойдзе для яго падыходзячае месца, ператворыць у своеасаблівы экспанат, які будзе нагадваць пра беларускіх вандроўнікаў.
 
 
Кантактаў з мясцовымі жыхарамі было нямала. Яны і дарогу падказвалі, і цікавіліся, адкуль прыехалі, і нават півам частавалі. У Германіі, дарэчы, вельмі шмат веласіпедыстаў, усюды ёсць для іх дарожкі. Прычым за горадам яны могуць ператварацца ў ледзь прыкметную лясную ці палявую сцяжынку, між тым, на карце пазначаны. Большасць веласіпедыстаў у шлемах, беларусы таксама не былі выключэннем. Хіба што Браніслава Грэская аддала перавагу шыракаполаму капелюшу, каб уратавацца ад сонца. А наогул, уся экіпіроўка нашых турыстаў беларуская, яны вельмі задаволены прадукцыяй мінскага прадпрыемства «Турлан».
 
 
І ўражанні
 
«Наша падарожжа было спланавана так, каб не толькі праехаць пэўную адлегласць, але і наведаць музеі, замкі, храмы, іншыя цікавыя аб’екты, — расказвае Сяргей Семянюк. – Мы пабывалі на былым ракетным палігоне Трэцяга рэйха каля гарадка Пенемюндэ, дзе была створана першая ў свеце балістычная ракета Фау-2. У Штральзундзе мы падняліся на 366 прыступак сабора Дзевы Марыі, у Райнбергу  любаваліся каралеўскім замкам, у Патсдаме — каралеўскай рэзідэнцыяй. Тры дні правялі ў Берліне, пабывалі ў Трэптаў-парку, ля Берлінскай сцяны, Брандэнбургскіх варот, на Музейным востраве, ля рэйхстага. Прыгожая, самабытная краіна з цікавай архітэктурай, багатымі культурнымі традыцыямі. Мы рады, што ўдалося яе наведаць, адчуць, пазнаёміцца з яе жыхарамі, бо менавіта веласіпедныя падарожжы даюць такую магчымасць».
 
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: уласны архіў Сяргея СЕМЕНЮКА.

 

Крынiца: сайт "Маладзечанская газета"    http://www.mgazeta.by/